Пошук

09.10.2024 08:55   кс. Дзмітрый Чупрын / Фота: з архіву парафіі ў Ракаве / Catholic.by

У панядзелак 7 кастрычніка ў Касцёле адзначаўся ўспамін Маці Божай Ружанцовай, а для католікаў мястэчка Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) гэта быў дзень парафіяльнай урачыстасці тытулу касцёла.

З гэтай нагоды на фэст у ракаўскую парафію завітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

На пачатку святой Імшы іерарха, прысутных святароў, сястру законную і вернікаў прывітаў пробашч парафіі ксёндз Дзмітрый Чупрын. «Мы прыйшлі, каб сведчыць пра сваю веру», — заўважыў пры гэтым святар. Ксёндз Дзмітрый ад імя ўсіх парафіянаў папрасіў біскупа ўзначаліць цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Нядаўна на сродкі ахвярадаўцаў была праведзена рэканструкцыя фігуры Езуса Журботнага з ракаўскага касцёла, якую аднавілі спецыялісты з Дзяржаўнага гістарычнага музея.

Пасля словаў прывітання, біскуп Касабуцкі ўрачыста благаславіў адноўленую фігуру.

У прамоўленай гаміліі іерарх узгадаў святога Дамініка, які таксама з’яўляецца апекуном парафіі ў Ракаве, як аднаго з вялікіх папулярызатараў Ружанца, атрыманага ад Найсвяцейшай Панны Марыі. Паводле біскупа, святы Дамінік лічыў, што Ружанец — гэта прылада, дадзеная небам, каб праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі уратаваць свет і суцішыць Божы гнеў за грахі людзей.

Біскуп Касабуцкі таксама распавёў пра свой нядаўні візіт у Казахстан, дзе ён сустрэўся з сястрой законнай, якая сведчыла пра сваё пакліканне і жыццёвы шлях. У тым месцы, дзе жыла сястра, не было святыні і святара, але была малітва на ружанцы. Кожны дзень дарослыя і дзеці збіраліся, каб праслаўляць Пана Бога праз ружанцовую малітву.

Іерарх падкрэсліў, што ружанцовая малітва — гэта не механічнае перабіране пацерак на шнюрку, а менавіта ўдумлівая і шчырая малітва да Нябеснай Маці.

«Ружанец — гэта сапраўдная зброя ў руках веруючага чалавека. Зброя, якая дапамагае перамагчы злога духа. Пры дапамозе ружанцовай малітвы мы давяраем Богу свае патрэбы, просьбы, складаем падзяку. Ружанец – сапраўдная дарога ў Неба», — сцвердзіў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа