Пошук

02.10.2024 10:13   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

30 верасня ў біскупскай курыі ў Гродне была афіцыйна абвешчана інфармацыя аб змене біскупа Гродзенскага.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, канцлер курыі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч прачытаў Паведамленне Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, у якім гаворыцца, што Святы Айцец Францішак прыняў адмову біскупа Аляксандра Кашкевіча ад пасады дыяцэзіяльнага біскупа ў сувязі з дасягненнем 75-гадовага ўзросту, згодна з нормамі кананічнага права (гл. кан. 401–402), і што яго наступнікам стаў біскуп Уладзімір Гуляй, да гэтага часу каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі.

У сустрэчы, на якой была абвешчана гэтая інфармацыя, таксама ўдзельнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, намеснік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, супрацоўнікі дыяцэзіяльнай курыі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, які стаў такім чынам першым Гродзенскім біскупам эмэрытам і ўзначальваў дыяцэзію з пачатку яе існавання, падзякаваў усім за супрацоўніцтва ў яго больш чым 33-гадовым служэнні ў Касцёле на Гродзеншчыне.

Іерарх выказаў віншаванні новаму біскупу Гродзенскаму на парозе спаўнення ім адказнай місіі, даручанай Касцёлам па рашэнні Папы Францішка. Біскуп Кашкевіч пажадаў яму заўсёды быць паслухмяным Святому Духу, слухаць Бога і, як святы Геранім, які ўзгадваецца ў літургіі ў гэты дзень, адкрывацца для слова збаўлення, якое Пан няспынна адрасуе людзям праз Святое Пісанне.

Біскуп Уладзімір Гуляй у сваю чаргу заахвоціў усіх разам крочыць дарогай, якую вызначае Пан, і супрацоўнічаць у будаўніцтве Божага Валадарства на зямлі.

Новы пастыр дыяцэзіі, які з’яўляецца сынам гродзенскай зямлі, бо тут нарадзіўся, тут сталеў у святарскім пакліканні і на працягу доўгіх гадоў служыў у мясцовым Касцёле на розных пасадах, падзякаваў свайму папярэдніку за яго вялікую дабрыню, прастату і заўсёды адкрытае на людзей сэрца.

Таксама ў гэты дзень было абвешчана, што інгрэс новага біскупа Гродзенскага — яго ўрачысты ўваход у катэдральны касцёл святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне — адбудзецца ў суботу 26 кастрычніка ў 12.00.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй удзяліў сабраным пастырскае благаслаўленне.

 

Абноўлена 02.10.2024 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.