Пошук

30.09.2024 08:44   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: кс. Юрый Марціновіч

28 верасня ў адным з памяшканняў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла навуковая канферэнцыя на тэму: «Новая евангелізацыя ў кантэксце дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі».

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, канферэнцыя была арганізаваная з нагоды пастырскага Года свецкіх і Сіноду Біскупаў, прысвечанага сінадальнасці.

У цэнтры ўвагі была новая евангелізацыя ў кантэксце сінадальнасці і роля свецкіх людзей у Касцёле.

У семінарыйнай зале святога Яна Паўла ІІ сабраліся слухачы, сярод якіх былі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, прэзбітэры, кансэкраваныя асобы, свецкія катэхеты, студэнты семінарыі і навучэнцы гродзенскага Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра са сваім кіраўніцтвам.

Прысутных прывітаў мадэратар канферэнцыі ксёндз канонік Антоній Грэмза.

З дакладамі на канферэнцыі выступілі прадстаўнікі ўсіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі.

Першым прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч, адказны за арганізацыю і правядзенне мерапрыемства. Ва ўступным слове ён падкрэсліў, што Касцёл на Беларусі стараецца ісці ў рытме Паўсюднага Касцёла, таму другі год запар арганізуе адмысловыя канферэнцыі на тэму сінадальнасці. Гэтым разам увага канцэнтруецца на значэнні рухаў і харызмаў у евангелізацыі.

«Евангелле нязменнае, але зменлівыя выклікі часу патрабуюць новага падыходу да евангелізацыі, каб яна дайшла да сучаснага чалавека, асабліва да выхаванага на Інтэрнэце і сацыяльных сетках пакалення Z, якое нарадзілася ў 1995–2010 гадах», — адзначыў залужаны іерарх, нагадаўшы, што Другі Ватыканскі Сабор заклікае свецкіх людзей да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла, бо яны таксама адказныя за яго і не могуць заставацца пасіўнымі перад праблемамі, з якімі ён сустракаецца.

Паводле арцыбіскупа, Сабор звяртае ўвагу «на неабходнасць большага выкарыстання ў пастырскай дзейнасці розных рухаў і харызмаў з мэтай надаць ёй большы дынамізм». Іерарх дадаў, што, паводле Яна Паўла ІІ, «багатая рэчаіснасць Касцёла знаходзіць праяўленне ў разнастайным ладзе жыцця вернікаў згодна з рознымі іх пакліканнямі».

Арцыбіскуп адзначыў, што, паколькі свет развіваецца і ўзнікаюць новыя праблемы, неабходна дзейнічаць з мэтай удасканальвання працэсу евангелізацыі, і назваў дапамогай у гэтым харызмы і рухі.

Іерарх дадаў, што яны вядомыя з першых стагоддзяў і заўсёды адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці Касцёла, бо дзейнічаюць пад уплывам Духа Святога.

Ён нагадаў, што пасля атрымання свабоды веравызнання напрыканцы 80-х – на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя з падполля выйшлі розныя малітоўныя групы, сярод якіх «Жывы Ружанец», францішканскія і дамініканскія тэрцыярыі, пачалі з’яўляцца новыя рухі і харызматычныя групы, «якія сталі евангельскай закваскай нашых часоў». Паводле арцыбіскупа, іх дзейнасць «павінна быць даcтасавана да беларускай культуры і традыцый, таму вельмі карыснай з’яўляецца думка Папы Францішка, што Евангелле павінна быць інкультуравана, а культура — евангелізавана».

Арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што адзін з вобразаў Касцёла — гэта карабель, яго капітан — Езус Хрыстус, а члены каманды — духоўныя і свецкія асобы. «Мы павінны жыць ва ўсведамленні таго, што знаходзімся ў адным чоўне і ствараем адно Цела, якім з’яўляецца Касцёл. <…> Хоць нас аб’ядноўвае адзіны шлях, у супольнасці Касцёла мы маем розныя, але аднолькава важныя задачы. <…>

Кожны мае сваё месца ў Касцёле і кожны павінен выконваць вызначаную яму Божым Провідам задачу. Для гэтага неабходна ісці разам. Гэта і ёсць сінадальнасць. Слова „Сінод“ мае грэчаскае паходжанне і азначае „супольны шлях“: у нашым выпадку — шлях духоўных і свецкіх асобаў», — патлумачыў заслужаны іерарх.

На заканчэнне свайго дакладу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзяванне, што гэтая канферэнцыя «дапаможа лепш распазнаць дар розных харызмаў і рухаў у хрысціянскіх супольнасцях, адкрыць багацце іх разнастайнасці ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі і ажывіць працэс евангелізацыі».

 

Абноўлена 30.09.2024 10:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця