З 20 па 22 верасня ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе нясуць служэнне ксяндзы і законныя сёстры з салезіянскага таварыства, адбыліся дні моладзі Don Bosco Youth Fest, слоганам якіх стала фраза «Мары, якія здзейсняцца».
Падчас дзён моладзі салезіяне прапанавалі ўдзельнікам паразважаць над сном, які ксёндз Боско ўбачыў у дзевяцігадовым узросце і які стаў яго вялікай марай, прадказаўшы пакліканне і шлях да святасці.
Арганізатары заахвочвалі моладзь абудзіць свае ўласныя мары і імкнуцца да іх здзяйснення; рабіць канкрэтныя крокі для таго, каб ператвараць мары ў планы і рэалізоўваць іх.
Удзельнікі пачалі прыязджаць у араторый, які дзейнічае пры парафіі, увечары ў пятніцу. Там яны падсілкаваліся і пазнаёміліся з планам сустрэчы. Пазней адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой моладзь прыносіла Пану свае мары і імкненні.
Раніцай у суботу ахвотныя мелі магчымасць узяць удзел у святой Імшы, а ў араторыі ўсіх чакаў прагляд відэа пра прароцкі сон ксяндза Боско, гульня на знаёмства і «мазгабойня». Пасля абеду ўдзельнікі мелі магчымасць наведаць майстар-классы, якія былі скіраваныя на павышэнне іх кампетэнцый. На майстар-класах моладзь абмяркоўвала, як умець слухаць і чуць, як карысна ўзаемадзейнічаць з партнёрам, як патрапіць пераканаць аўдыторыю, як пачаць жыць па ўласным сцэнары, як весці бізнес і годна працаваць з хрысціянскага пункта гледжання.
Вопытныя настаўнікі дзяліліся з маладымі людзьмі сваімі ведамі і падказвалі, як можна развіваць уласныя таленты.
Пасля майстар-класаў удзельнікаў чакала вясёлая праграма з танцамі, гульнямі і размовамі.
Нядзеля для ўдзельнікаў моладзевага фэсту распачалася з ранішняй святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У прамоўленай гаміліі святар падкрэсліў, што ніхто не ідзе да сваёй мары адзін: кожнаму на шляху патрэбная падтрымка родных і блізкіх.
Хрыстус не хоча, каб нашае дасягненне мэтаў было спаборніцтвам, калі мы прыніжаем іншых, але каб мы крочылі разам і падтрымлівалі адзін аднаго.
Пасля святой Імшы ў араторыі адбылося падвядзенне вынікаў сустрэчы. Молазь дзялілася сваімі ўражаннямі і давала фідбэк (водгук) аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемства. Напрыканцы ксёндз Алег Каралёў SDB падзякаваў усім, хто ўзяў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні сёлетняга Don Bosco Youth Fest, а таксама ўсім удзельнікам. Акрамя таго, святар яшчэ раз заахвоціў усіх быць адважнымі і рашуча крочыць да сваёй мары, як гэта рабіў святы Ян Боско.