Пошук

23.09.2024 11:17   Тэкст і фота: Дамінік Запаснік / Catholic.by

У суботу 21 верасня адбылася ўрачыстая святая Імша падзякі Богу за магчымасць аднаўлення родавай капліцы Абламовічаў на Слабодскіх могілках у вёсцы Гарадзечна на Навагрудчыне (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат).

Капліца была адноўлена намаганнямі вернікаў парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку на чале з іх пробашчам, ксяндзом Юрыем Жэгарыным. Быў заменены дах, адноўлены фасад і інтэр’ер святыні.

Капліца была пабудавана ў 1824 годзе, пра што гаворыць надпіс на каменнай пліце пры уваходзе. Такім чынам, аднаўленне святыні стала добрым «падарункам» да яе 200-гадовага юбілею.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў ксёндз Віталій Дабраловіч, дырэктар Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску.

У прамоўленай гаміліі святар нагадаў пра важнасць вернага трывання ў Божым слове, нягледзячы ні на якія цяжкасці і праблемы, даўшы сведчанне з досведу ўласнага жыцця. Ксёндз Віталій адзначыў, што здзейсненая супольнымі намаганнямі справа аднаўлення капліцы сведчыць пра пачуццё адказнасці людзей, якое сваю сілу чэрпае з веры.

У супольнай малітве бралі ўдзел мясцовыя вернікі, а таксама госці з Гродна, Мінска і Навагрудка, у тым ліку і праваслаўныя.

Аднаўленне родавай капліцы ў Гарадзечне адбылося ў год святкавання юбілею 400-годдзя касцёла Арханёла Міхала ў Навагрудку. Цэнтральныя юбілейныя ўрачыстасці там будуць адзначацца 28 і 29 верасня.

 

 

 

Абноўлена 23.09.2024 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа