Пошук

17.09.2024 11:44   Тэкст і фота: Алёна Шаршунс / Catholic.by

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у Мінскім тэалагічным каледжы імя святога Яна Хрысціцеля адбылася цырымонія інаўгурацыі новага навучальнага года.

Распачалася яна ўрачыстай святой Імшы ў касцёле Святога Духа ў Мінску. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Напачатку іерарх прывітаў святароў, навучэнцаў і выкладчыкаў. Таксама са словамі прывітання да прысутных звярнуўся дырэктар каледжа і пробашч сталічнай парафіі Святога Духа ксёндз канонік доктар Ян Крэміс.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі скіраваў увагу на моц Крыжа Езуса Хрыста, які стаў прыладаю паяднання Бога і чалавека.

«У гэты дзень інаўгурацыі новага навучальнага года з вялікай пашанай станем пад крыж Езуса Хрыста, які з’яўляецца прыладай Божай ласкі і крыніцай духоўнага ўмацавання, а гэта ў працэсе навучання і ўмацавання вельмі будзе патрэбна. <…> І ў сваім жыцці, дзякуючы Хрыстоваму крыжу, будзем старацца быць сведкамі веры, прабачэння, любові і супакою», — заахвоціў прысутных арцыпастыр.

Напрыканцы цэлебрацыі студэнты каледжа павіншавалі арцыбіскупа Станеўскага з нагоды трэцяй гадавіны прызначэння яго Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

Пасля Імшы адбылася афіцыйная частка інаўгурацыі. Напачатку дырэктар каледжа прадставіў справаздачу за мінулыя гады і пазнаёміў з планамі на новы навучальны год. Таксама быў прадстаўлены новы выкладчык фундаментальнай тэалогіі, якім стаў брат Андрэй Багдановіч OFMCap. Брат Андрэй выступіў з дакладам на тэму «Devotio moderna», у якім пазнаёміў з сучаснай пабожнасцю.

Навучэнцы, залічаныя сёлета на першы курс, з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага атрымалі залікоўкі і кнігу ягонага аўтарства «Як стаць сведкам Хрыста» у падарунак. На завяршэнне афіцыйнай часткі навучэнцы трэцяга курса прывіталі першакурснікаў у сям’і каледжа.

Завяршылася цырымонія інаўгурацыі супольным пачастункам, пасля чаго прайшлі першыя заняткі новага навучальнага года.

Абноўлена 17.09.2024 11:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця