Умілаваныя браты і сёстры!
Сёння, 8 верасня, з вялікай радасцю мы адзначаем свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Святкуем і дзякуем Пану Богу, нашаму Стварыцелю за гэты вялікі дар, якім Марыя з’яўляецца для ўсяго свету і для кожнага з нас.
Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі — адно з найстарэйшых Марыйных святаў у нашым Касцёле.
Ужо ў V-м стагоддзі, калі Эфескі сабор (431 г.) абвясціў догмат аб Божым Мацярынстве Найсвяцейшай Панны Марыі, у Ерузалеме адбылося асвячэнне базылікі ў месцы нараджэння Маці Божай. А ў VII стагоддзі гэтае свята было ўжо вядома і ў Візантыі, і ў Рыме.
Нягледзячы на тое, што Святое Пісанне не апісвае нараджэння Марыі, з некаторых старажытных апокрыфаў мы можам даведацца пра развіццё хрысціянскай пабожнасці ў адносінах да Багародзіцы. Згодна з гэтымі аповедамі, святыя Ганна і Яўхім на працягу многіх гадоў маліліся, просячы, каб Бог адарыў іх ласкаю нараджэння дзіцяці. І ўрэшце яны атрымліваюць абяцанне, што ў іх народзіцца дзіця, праз якое Бог ажыццявіць план збаўлення свету. Бацькі Марыі сваёй глыбокай верай, пастаяннай малітвай і бязмежным даверам да Бога падрыхтавалі глебу для нараджэння Той, якая стане Маці самога Збаўцы.
Гэтая гісторыя падкрэслівае асаблівую прысутнасць Бога ў жыцці Марыі. Бацькі, удзячныя за такі цудоўны дар, аддалі маленькую Марыю ў святынню, дзе Яна вучылася маліцца, вывучала Святое Пісанне, узрастала ў веры і з самага пачатку вучылася быць з Богам і служыць Яму. Бацькі далі Ёй тое, што лічылі лепшым для свайго дзіцяці: рэлігійнае выхаванне — жыць побач з Богам, служыць Яму, выконваць Яго волю, станавіцца «слугою Пана».
Таямніца нараджэння Марыі напоўнена радасным паведамленнем аб тым, што ад Яе, якая «знайшла ласку ў Бога», народзіцца доўгачаканы Эмануэль — Збаўца свету (гл. Мц 1, 20–23).
Трэба зазначыць, што Бог спрадвеку выбраў Марыю стаць Маці свайго Сына: дзеля выканання гэтай місіі Яна была беззаганна зачатай. Гэта азначае, што дзякуючы Божай ласцы і паводле прадбачаных заслуг Езуса Хрыста Марыя была захавана ад першароднага граху з моманту свайго зачацця. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла мы чытаем, што Марыя была не толькі вольнай ад першароднага граху ў момант зачацця, але дзякуючы супрацоўніцтву з Божай ласкай Яна таксама была вольнай ад усялякага асабістага граху на працягу ўсяго жыцця. Яна — поўная ласкі (гл. ККК 493).
Вялікі тэолаг кармэліцкай духоўнасці айцец Габрыэль ад святой Марыі Магдалены пісаў: «Нараджэнне Марыі — гэта світанак нашага адкуплення; Яе з’яўленне пралівае новае святло на ўсё чалавецтва: святло нявіннасці, чысціні, ласкі, асляпляльнае прадвесце вялікага святла, якое залье чалавецтва, калі з’явіцца Хрыстус, Святло свету».
Нараджэнне Маці Божай пралівае новае святло і на жыццё кожнага з нас. Дзякуючы моцы Духа Святога і паслухмянасці Марыі волі Божай, сам Бог уцелавіўся і быў зачаты ва ўлонні Марыі.
«Хто ж акрамя Марыі, — зазначаў Папа Бэнэдыкт XVI, — можа быць для нас Зоркай надзеі? Менавіта Яна разам са сваім fiat (так) адчыніла дзверы нашага свету самому Богу; менавіта Яна стала жывым Каўчэгам Запавету, у якім Бог прыняў цела, стаў адным з нас, і паставіў сярод нас свой намёт» (пар. Ян 1, 14). Тытул «Зорка надзеі», якою Папа называе Марыю, мае як бы два этапы: першы — гэта шлях надзеі Марыі як Маці Езуса; шлях, на якім дастаткова было цярпенняў і цяжкасцяў. Другі датычыцца Марыйнай школы надзеі, у якой Яна з’яўляецца і Маці, і Настаўніцай.
Браты і сёстры, гісторыя збаўлення — гэта гісторыя адносінаў Бога з чалавекам, у якой Бог любою цаною імкнецца выратаваць чалавека і таму вядзе яго да збаўлення. Сёння, углядваючыся ў Найсвяцейшую Панну Марыю, мы хочам убачыць гэтую праўду пра любоў Бога да чалавека і пра ўдзел Марыі ў гэтай гісторыі.
Мы таксама можам паклапаціцца аб нашых адносінах з Богам і павінны зрабіць гэта па прыкладзе адносінаў да Яго Маці нашага Збаўцы. Святы Павел нагадвае нам, што Бог выбраў нас для асаблівай мэты. Ён стварыў план, каб давесці нас, выбраных, да падрыхтаваных Ім благаслаўленняў. Мы пакліканыя быць хрысціянамі, таму мы павінны прыпадобніцца да вобразу Хрыста ў гэты час, у які Бог выбраў нас.
На адным з плакатаў руху Pro life («У абарону жыцця») напісана: «Нараджэнне кожнага дзіцяці змяняе свет». Гэтыя словы з’яўляюцца не толькі пасланнем у абарону кожнага зачатага дзіцяці, але таксама прыгожай надзеяй, звязанай з сённяшнім святам. Менавіта нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі стала тым момантам для ўсяго свету, які змяняе гэты свет да лепшага. Калі нараджэнне звычайнага дзіцяці можа часам,перамяніць бацькоў і нават цэлыя сем’і, то наколькі больш важна нараджэнне Кагосьці такога асаблівага, як нараджэнне Маці Божага Сына. Гэтае нараджэнне нашай нябеснай Маці адзначаецца дзякуючы місіі, якую Марыя мае ў гісторыі збаўлення. Нараджэнне Марыі праз жыццё і ўваскрасенне Езуса змяніла і працягвае змяняць свет да лепшага, а таксама змяняе кожнага з нас.
Браты і сёстры, нараджэнне Марыі азначае новую якасць адносінаў з Богам, гэта скарачэнне дыстанцыі, адлегласці паміж Богам і чалавекам, гэта дастасаванне да Яго свайго жыцця.
Сёння, у дзень народзінаў Марыі, мы можам падараваць Найсвяцейшай Панне самы вялікі падарунак — зрабіць нашае жыццё такім шляхам, які дзякуючы Яе заступніцтву і кіраўніцтву дапаможа нам так, як Яна, пастаянна станавіцца падобнымі да вобразу Яе Сына.
Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі дазваляе нам усвядоміць ролю хрысціянскай сямейнай спадчыны. Гэта вельмі важны аспект, які можа стаць благаслаўленнем як для дзяцей, так і для бацькоў. У атмасферы сямейнага дому, як у доме Яўхіма, Ганны і Марыі, бацькі не могуць даць свайму дзіцяці нічога больш важнага, чым падрыхтаваць дар яго жыцця праз ласку асабістай веры, уласнай малітвы і поўнага даверу Богу ва ўсім. Яшчэ занадта слаба ўкаранёнае ў нас усведамленне таго, што Бог, які даў нам жыццё паводле свайго вобразу (Быц 1, 28), ахоплівае кожнага чалавека ў сваіх збаўчых планах у пэўны час, у пэўным месцы і супольнасці людзей.
Нашыя продкі ў гэты святочны дзень Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі прыносілі збожжа для сяўбы (свята часам называюць святам Маці Божай Сеўнай, ад слова «сеяць»). Лічылася, што зерне, асвячонае Марыяй, дасць шчодрыя плады і багаты ўраджай. На ўзараную глебу ўпадзе благаслаўлёнае зерне, якое яшчэ да зімы прарасце, а вясною дасць плён, які запэўніць нам неабходны для жыцця хлеб надзённы.
Таму не дзіўна, што Касцёл на парозе восені, 8 верасня, святкуе нараджэнне Маці Збаўцы. Яе нараджэнне нагадвае нам вобраз восеньскай сяўбы. У Сэрца Марыі, як у падрыхтаваную зямлю, Бог змясціў каштоўнае «зерне» — свайго Сына, якое прынесла такое цудоўнае жніво і дало людзям жыццё і збаўленне.
У Евангеллі паводле святога Лукі мы знаходзім словы: насенне «на добрай зямлі азначае тых, хто, пачуўшы Божае слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы, і прыносіць у цярплівасці плён» (гл. Лк 8, 15).
Папросім жа заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, каб мы маглі адказаць на тыя неабходныя для нашай святасці ласкі, аб якіх Яна клапоціцца для нас перад сваім Сынам, каб мы маглі стаць падобнымі да Яго, як Марыя, і нарадзіцца для неба.
На плённае ў духоўныя ласкі святкаванне Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі