Біскуп намінат Андрэй Зноска, 19 ліпеня прызначаны Папам Францішкам дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, запрашае ў Пінск на біскупскае пасвячэнне, якое адбудзецца 7 верасня.
Дарагія сёстры і браты ў Хрысце, людзі добрай волі!
Вялебныя браты ў святарстве, шаноўныя манаскія асобы!
Як вядома, 19 ліпеня Яго Святасць Папа Францішак ласкава прызначыў мяне на пасаду дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.
Дзякуючы Богу за дар паклікання да паўнаты святарства і ў адзінстве з найдастойнейшым біскупам Антоніем Дзям’янкам, біскупам Пінскім, прагну запрасіць кожную і кожнага з вас прыняць удзел ва ўрачыстай Эўхарыстыі, цэлебрацыю якую узначаліць Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, і падчас якой я прыму біскупскае пасвячэнне.
Урачыстасць адбудзецца ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску ў суботу 7 верасня а 16-й гадзіне.
У падрыхтоўцы да прыняцця паўнаты святарства даручаю сябе малітвам Божай Маці, праслаўленай у Лагішынскім абразе, і святога мучаніка Андрэя Баболі, Апостала Палесся. Прашу таксама Божы люд, кожнага з вас, сёстры і браты, аб малітве за мяне, каб даручанае мне служэнне выконваў у духу вернасці Богу, Апостальскай Сталіцы і Касцёлу.
Да сустрэчы ў Пінску!
✠ Андрэй Зноска
з ласкі Бога і Апостальскай Сталіцы
тытулярны біскуп Скардоны
дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі