Пошук

16.08.2024 09:58   Фота: Юрый Чупрэта / Catholic.by

15 жніўня арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў адпустовае набажэнства ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў сваёй роднай парафіі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад).

Паводле старадаўняй традыцыі, у мястэчку ў гэты дзень таксама святкавалі дажынкі. Урачыстая цэлебрацыя адбывалася на прыгожа аздобленым палявым алтары побач з адэльскім касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што надзвычайная пашана да Марыі дапамагае лепш зразумець гісторыю збаўлення ва ўсёй паўнаце.

«У цэнтры гісторыі збаўлення, без сумневу, знаходзіцца асоба Езуса Хрыста. Але распачынаецца гісторыя збаўлення з граху Адама. Калі Езус — гэта „новы Адам“, то павінна быць і „новая Ева“. Як гісторыя грэхападзення не была б поўнай без Евы, таксама і гісторыя збаўлення няпоўная без Марыі», — заўважыў заслужаны іерарх, дадаўшы, што ёсць нямала кантрастаў паміж Адамам і Евай з аднаго боку і Езусам і Марыяй з другога.

«Бог стварыў Еву з рабра Адама; Езус атрымаў сваё цела з Марыі. Адам і Ева супрацьпаставіліся Богу, а Езус і Марыя адзначаліся паслухмянасцю. Адам і Ева былі выгнаныя з раю, а Езус і Марыя ўвайшлі ў радасць неба», — адзначыў арцыбіскуп.

Паводле яго, урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі падкрэслівае праўду аб збаўленні ўсяго чалавека: з целам і душой.

«Унебаўзяцце Марыі з душой і целам з’яўляецца ўзнагародай за Яе супрацоўніцтва ў Боскім плане збаўлення. Без Яе не было б таямніцы Богаўцелаўлення і чалавецтва не атрымала б ласкі збаўлення.

Сучаснасць Марыі — гэта падрыхтаваная для нас будучыня пры ўмове, што мы будзем браць з Яе прыклад», — сцвердзіў іерарх, дадаўшы, што гэта вельмі важна ў наш час, калі чалавек жыве так, як быццам Бога няма.

«Нашыя продкі ў часы ваяўнічага атэізму захавалі веру, а мы дабравольна адмаўляемся ад яе і нават часам высмейваем», — з горыччу канстататваў арцыпастыр. Ён заахвоціў вернікаў сведчаннем свайго хрысціянскага жыцця даць адказ на сучасныя выклікі, каб перадаць скарб веры наступным пакаленням.

«Па прыкладу Марыі мы павінны згаджацца з Божай воляй, жыць згодна з духам Евангелля і не дазволіць, каб яго праўда знікла з нашага жыцця», — заклікаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 

Абноўлена 16.08.2024 10:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця