Пошук

15.08.2024 14:57   Catholic.by

Умілаваныя браты і сёстры!

Сёння 15 жніўня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Праз гэтую ўрачыстасць ён паказвае нам праўду веры, паводле якой Найсвяцейшая Панна Марыя Маці Божага Сына Езуса Хрыста была ўзятая ў неба з целам і душою. На працягу ўсёй гісторыі Касцёла ў шматлікіх сведчаннях, гіпотэзах і аб’яўленнях выказвалася перакананасць у тым, што цела Багародзіцы не магло спазнаць тлення, як гэта адбываецца з усімі іншымі людзьмі ў выніку наступстваў першароднага граху.

Святы Ян Дамаскін і іншыя Айцы Касцёла падкрэсліваюць, што Унебаўзяцце Марыі і праслаўленне Яе цела вынікаюць не толькі са звышнатуральнага мацярынства, бо Яна з’яўляецца Маці Сына Божага, але і са святасці Яе цнатлівай натуры. Святое, чыстае, нятленнае цела не магло быць закранута тленнем: «Тая, якая, нарадзіўшы Сына, захавала сваё дзявоцтва некранутым, павінна была таксама захаваць і цела сваё пасля смерці без найменшага следу тлення. Яна, якая насіла ў сваім улонні Створцу ўсяго, павінна жыць з Ім вечна ў вечным табернакулюме».

Сённяшняя ўрачыстасць паказвае нам Найсвяцейшую Панну Марыю як дасканалы плод зямлі, які, нібы колас, даспеў для Божага жніва.

Гэта сэнс сённяшняга свята, які падкрэсліў Папа Пій ХІІ у Апостальскай канстытуцыі пад назвай «Бясконца шчодры Бог» (Munificentissimus Deus) калі падзяліўся з намі сваім разважаннем у наступных словах: «Беззаганная Маці Божая, Марыя, заўсёды Дзева, пасля заканчэння свайго зямнога жыцця з душою і целам была ўзята ў нябесную хвалу». Гэтай канстытуцыяй у 1950 годзе Папа Пій ХІІ абвясціў догмат аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першае чытанне з Апакаліпсіса святога Яна, што гучыць сёння падчас Літургіі, пераносіць нас у сітуацыю, поўную драматызму і небяспекі. У цэнтры ўвагі «вялікі знак» — цяжарная жанчына, апранутая ў сонца, з месяцам пад нагамі. Другі знак — вогненны цмок, што хаваецца, пагражаючы дзіцяці, якое павінна нарадзіць жанчына. Гэтая жанчына ў сваім улонні носіць надзею свету. Таму акружае Яе ўвесь космас — сонца, месяц і вянок з дванаццаці зорак. Яе вораг — «вялікі цмок». Гэты цмок увасабляе сабой усё, што супрацьстаіць Богу і ўсё тое, што імкнецца вырваць Бога з нашых сэрцаў, звузіць наш далягляд да зямлі, да мімалётных момантаў зямнога шчасця, якое хутка мінае, як гэтае лета, што паволі заканчваецца. Гэтая біблейская сцэна сімвалізуе спрадвечную барацьбу дабра са злом. Барацьбу, якая адбываецца ў жыцці кожнага чалавека, барацьбу ў свеце, у кожным з нас, асабліва ў нашым сэрца.

Любыя браты і сёстры! Барацьба дабра са злом пастаянна адбываецца ўнутры нас і ў нашым жыцці.

Яна датычыцца нашых поглядаў і прынцыпаў, нашага метаду ацэнкі і крытэрыяў нашага выбару, а таксама і нашых рашэнняў. Яна грунтуецца на выбары дабра і адрачэння ад зла. У гэтым, часта вельмі складаным змаганні на дапамогу нам прыходзіць Хрыстус — Сын Божы. Ён прыходзіць са сваёю моцай і сілай, міласэрнасцю і спакоем. Хрыстус прыходзіць і лечыць; Ён падымае, калі мы падаем; аздараўляе і ўмацоўвае на нашым шляху да вечнасці. Менавіта ў нашым сэрцы вырашаецца, хто пераможа: цмок ці цяжарная жанчына ў вянку з дванаццаці зорак. Хто стане на Яе бок, знойдзе разам з Ёю прытулак і збаўленне ў Бога.

Далей у літургіі слова на сённяшнюю ўрачыстасць святы Ян Евангеліст апісвае бітву Арханёла Міхала і ягоных анёлаў з цмокам, у выніку якой «настала збаўленне і сіла, і валадаранне Бога нашага, і ўлада Памазаніка Ягонага» (Ап 12, 10). У гэтых словах паказаны трыумф дабра над злом праз з’яўленне народжанага Сына — Месіі Божага, Езуса Хрыста.

Фрагмент Евангелля, што чытаецца сёння, апісвае сустрэчу дзвюх маці і двух яшчэ ненароджаных сыноў. Гэта сустрэча Альжбеты і Марыі, а таксама Яна Хрысціцеля і Езуса Хрыста. Гэтая сцэна абвяшчае пра выкананне ўсіх прадказанняў Старога Запавету. Вось Альжбета — маці Яна Хрысціцеля, апошняга з прарокаў Старога Запавету, вітае Марыю, Маці Езуса, Сына Божага, Збаўцу свету. Марыя прамаўляе гімн праслаўлення Magnificat. У ім Найсвяцейшая Панна праслаўляе Бога за Яго благаслаўленне, міласэрнасць і бясконцую дабрыню, якую Бог аб’явіў, спасылаючы нам свайго Сына, народжанага Марыяй, Езуса Хрыста — самае вялікае Дабро, якога сілы зла не змогуць пераадолець.

Праўда веры пра Найсвяцейшую Панну Марыю, узятую на неба з душою і целам, нагадвае нам пра бясконцую любоў Бога да чалавека.Гэтая любоў выяўляецца ў факце спаслання на зямлю Сына Божага, Адкупіцеля чалавека.

Хрыстус, Сын Божы, перамог зло і грэх і такім чынам адкрыў нам шлях да Айца, да жыцця вечнага. Унебаўзятая Панна Марыя нагадвае нам пра мэту нашага жыцця, пра тое, што заканчэнне нашага жыцця — гэта не смерць і магіла, але вечнае жыццё. Чалавечае жыццё — гэта пілігрымка, шлях да вечнага прабывання і адрэзак часу, які даў нам Бог. Ніхто з нас не ведае, як доўга гэта будзе працягвацца, але мы ведаем, куды гэты шлях вядзе. Мы ведаем, што кожны наш крок на зямлі набліжае нас да мэты, да той «гадзіны», у якую сустрэнуцца час і вечнасць; тое, што прамінальнае, сустрэнецца з тым, што несмяротнае, у момант нашай смерці.

Калі пілігрымка веры Панны Марыі на зямлі наблізілася да завяршэння, настаў час Яе расстання з зямлёю. Першыя хрысціяне казалі пра Яе «ўспенне», нібы пра «лагодную смерць» ці проста пра «пераход» да Валадарства Сына. Яны былі перакананыя, што Марыя проста заснула і прачнулася «на тым баку», у небе. Таму на Усходзе Унебаўзяцце называюць святам Успення Марыі.

Для кожнага чалавека заканчэнне зямнога паломніцтва непазбежна звязана з магілай. З Марыяй было інакш. Мы ведаем, што Яе жыццё адрознівалася ад нашага, таму што Яна была выбраная стаць Маці Божага Сына. Бог не хацеў, каб тая, якая нарадзіла Яго Сына, Даўцу жыцця, была закранута тленнем у магіле.

Традыцыйна сённяшняе свята нашы продкі таксама называлі святам Маці Божай Зельнай. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах благаслаўляецца плён нашых палёў і садоў: зёлкі, кветкі і садавіна, што сімвалізуюць дабро, якім адарыў нас Пан Бог.

Такім чынам мы дзякуем за дар веры, за спакой, за здароўе і ўсялякае дабро, атрыманае з рук нашага Створцы. Таму, няхай наша малітва ўзносіцца да Найсвяцейшай Тройцы так, як водар зёлак і кветак; няхай добрыя намеры і любоў да Бога і бліжняга плывуць з нашых сэрцаў і нашых дамоў, каб мы, стараючыся быць сапраўднымі сведкамі для сучаснага свету, заахвочвалі іншых адчыніць свае сэрцы Хрысту.

Просім Багародзіцу Марыю, каб Яна навучыла нас жыць праведна і заўсёды выбіраць дабро для нашай душы і для душы бліжніх, каб напрыканцы свайго жыцця мы маглі стаць перад Богам з вялізным ахапкам добрых учынкаў так, як сёння ў нашых касцёлах і капліцах вернікі стаяць з ахапкам духмяных зёлак і кветак. Просім Марыю, каб у нашым жыцці мы заўсёды стаялі на баку дабра і спакою. І памятайма: Марыя Унебаўзятая не толькі паказвае нам шлях да неба, Яна таксама чакае нас і падтрымлівае на гэтым шляху. Пад плашчом апекі Марыі нам не трэба баяцца восені жыцця. Таму, падчас благаслаўлення зёлак і кветак у сённяшнюю ўрачыстасць Касцёл просіць Бога Айца: «А калі будзем адыходзіць з гэтага свету, няхай нас, з ахапкамі добрых учынкаў, прадставіць Табе Унебаўзятая Найсвяцейшая Панна Марыя, найдасканалейшы плод зямлі...».

На разважанне і зразуменне догмату аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Панны Марыі і святкаванне сённяшняй урачыстасці ад усяго сэрца благаслаўляю ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Абноўлена 15.08.2024 21:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа