Пошук

30.07.2024 10:55   Тэкст: Алеся Гедроіц / Фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

У суботу 27 ліпеня, напярэдадні сусветнага Дня бабуль, дзядуляў і пажылых людзей, які адзначаецца ў Касцёле ў чацвёртую нядзелю ліпеня, валанцёры суполкі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску зладзілі свята для старэйшых парафіянаў.

У суботу з раніцы, яшчэ за некалькі гадзін да пачутку свята, каля мінскай катэдры можна было ўбачыць элегантна ўбраных і бадзёрых, нягледзячы на ўзрост, бабуль і дзядуляў, якія крок за крокам, як бы ні было цяжка ці, можа, нават балюча, ішлі да Хрыста, даючы прыклад веры і адданасці маладому пакаленню.

Сустрэча з жывым Хрыстом адбылася на Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Іерарх шчыра павіншаваў прысутных з надыходзячым святам, а пробашч катэдральнай парафіі, ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі запрасіў застацца на мерапрыемства, падрыхтаванае да Дня пажылых людзей валанцёрамі парафіяльнага Caritas.

Святкаванне распачалося з віншаванняў і шчырых словаў ад пробашча, а таксама Ірыны Фаміной, супрацоўніцы Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прысутныя слухалі іх прамовы пад духмяную каву і прахалодныя самаробныя ліманады з пачастункам. Самі бабулі таксама не змаглі прыйсці на свята з пустымі рукамі і частавалі сваімі булкамі, блінамі і салодкімі прысмакамі.

На свята завітаў прафесійны саксафаніст Сяргей Канавалаў, і пад гукі музыкі ўдзельнікі з задавальненнем танчылі, некаторыя, магчыма, упершыню за доўгі час. Многіх прысутных узрушылі песні юнацтва; песні, што суправаджалі іх у жыцці, у выкананні валанцёра Крысціны Ефімовіч, якой усе падпявалі, пляскаючы ў далоні.

Святкаванне дапоўнілі забаўляльная гульня з падарункамі, усмешкі каля фотазоны, дзе кожны мог захаваць прыемны момант, размовы адно з адным, жарты і дэманстрацыя талентаў прысутных. Нават арцыбіскуп Станеўскі і ксёндз Пухальскі падаравалі прысутным песні ў сваім выкананні.

Напрыканцы бабулі і дзядулі атрымалі ў падарунак пернікі са словамі «Са знакам любові», што з’яўляецца адным з дэвізаў працы валанцёраў Caritas, а такама кнігу ад арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, на якой многія тут жа прасілі ў аўтара аўтограф.

Развітваліся ўсе як у сапраўдная сям’і: доўга абдымаліся, жадалі ўсяго найлепшага і дадому вярталіся са ззяючымі вачыма і радаснымі сэрцамі.

Парафіяльны Caritas мінскай катэдральнай парафіі ўдзячны ўсім, хто дапамагаў у арганізаціі мерапрыемства і далучыўся да святкавання.

 

Абноўлена 30.07.2024 11:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця