20 ліпеня, другі дзень Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі, якія праходзяць у Браславе, завяршыўся супольным вясёлым вечарам.
На пляцоўцы перад алтаром-караблём санктуарыя Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, юнакі і дзяўчаты з розных мясцін Беларусі, а таксама іх душпастыры, кансэкраваныя асобы і семінарысты разам спявалі, танчылі, бралі ўдзел у розных гульнях і конкурсах.
Інтэграцыйныя забавы для моладзі праводзілі аніматары, між іншым з душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Было відаць, што пад канец другога дня ўдзельнікі моладзевага форуму, якіх сабралося ў Браславе больш за тры сотні, ужо добра перазнаёміліся паміж сабою падчас агульных малітваў, пасілакаў і іншых мерапрыемстваў.
Завяршыўся вясёлы вечар супольнай малітвай. Стаўшы ў вялікае кола і ўзяўшыся за рукі, юнакі і дзяўчаты разам прамовілі малітву «Ойча наш», а таксама папрасілі заступніцтва Маці Божай, Валадаркі азёраў і Каралевы супакою.