20 ліпеня ў Браславе ў межах Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі адбыўся дыялог з біскупамі, які працягваўся амаль гадзіну.
Яму папярэднічала праца ў групах, падчас якой юнакі і дзяўчаты разам са сваімі душпастырамі і біскупамі супольна разважалі над тым, як быць радасцю і надзеяй Касцёла ў сучасным свеце.
Падчас дыялогу, які адбываўся ў касцёле, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч пастараліся шчыра адказаць на самыя розныя пытанні, у тым ліку і асабістыя, якія задавала ім моладзь.
Ад яе імя дыялог з іерархамі вёў моладзевы актывіст з Пінскай дыяцэзіі Віталій Грышкевіч.
Перад тым, як распачаць сустрэчу, арцыбіскуп Станеўскі прапанаваў у супольным спеве «Руах» папрасіць моцы Духа Святога, каб у Яго святле, а не ў прыгожых словах шукаць адказы на пытанні, якія хвалююць сённяшнюю моладзь.
Першае пытанне, якое прагучала, датычылася таго, пра што мараць біскупы. Адказваючы на яго, біскуп Буткевіч прызнаўся, што хацеў бы, каб людзі ў нашай краіне будавалі сваё жыццё на духоўных каштоўнасцях.
«Усе нашыя цяжкасці і праблемы ў асабістым жыцці, у грамадскім сёння ў свеце ад таго, усё ж такі, што рэчы матэрыяльныя, каштоўнасці матэрыяльныя пераважаюць», — заўважыў іерарх, дадаўшы, што калі Бог будзе на першым месцы, усё астатняе стане на сваё месца.
Наступнае пытанне датычылася таго, якім чынам адбываецца прызначэнне біскупаў. Арцыбіскуп Станеўскі патлумачыў, што ў Касцёле біскупаў выбірае Дух Святы, хоць тэхнічна гэтым займаецца Апостальскі нунцый, які збірае інфармацыю пра магчымых кандыдатаў, а потым іх разглядае спецыяльная камісія ў Ватыкане.
Арцыпастыр таксама паклаў на стол біскупскую шапачку, так званую «піюску», прапануючы прысутным юнакам яе прымерыць, каб даведацца, хто будзе наступным біскупам.
Моладзь таксама пацікавілася ў іерархаў, ці не шкадуюць яны часам, што сталі святарамі. Біскуп Буткевіч падзяліўся, што ані разу не сумняваўся ў сваім выбары, і калі быў прызначаны біскупам, то ў духу паслухмянасці прыняў гэтае рашэнне Папы Францішка, хоць меў у той момант пэўныя сумневы адносна сваіх зольнасцяў несці такое адказнае служэнне.
У адказ на асабістае пытанне адносна таго, як біскуп рэагуе на людзей, якія робяць яму зло, пастыр Віцебскай дыяцэзіі заўважыў, што стараецца браць прыклад з Хрыста і абараніць у такой сітуацыі сваю годнасць, не даць сябе пакрыўдзіць, але не паддавацца пры гэтым жаданню адпомсціць, не адказваць злом на зло.
Калі ж Віталій запытаўся, ці ў дзяцінстве біскупам даводзілася біцца са сваімі братамі і сёстрамі, тыя адказалі па-рознаму. Біскуп Буткевіч, які мае дзвюх сясцёр (абедзве, дарэчы, прысвяцілі сябе Богу ў супольнасці сясцёр эўхарыстак), прызнаўся, што такое здаралася, а арцыбіскуп Станеўскі, наймалодшы ў сям’і, сказаў, што для яго гэта было «без шанцаў»: калі ён толькі ішоў у школу, старэйшы брат ужо ішоў у войска, а абедзве сястры таксама былі старэйшымі за яго.
Чарговае пытанне датычылася таго, як біскупы пераадольваюць крызіс веры. Пры гэтым Віталій заўважыў, што на сустрэчы ў Браславе зусім мала ягоных аднагодкаў, людзей у раёне 30-гадоў, што можа быць звязана менавіта з крызісам веры.
Біскуп Буткевіч параіў у крызісныя моманты ўзгадаць пра тое дабро, якое было ў жыцці, бо не заўсёды было кепска і не заўсёды так будзе. Паводле іерарха, варта вярнуцца да першай сустрэчы з Богам, нанава перажыць Яго прысутнасць, як вучні ў момант крыжовай смерці Хрыста, і тады прыйдзе момант духоўнага ўваскрашэння.
У кожнай сітуацыі неабходна шукаць падтрымкі ў Бога праз малітву. Іерарх дадаў, што такім чынам, верна трываючы і молячыся, нават з крызісу можна выйсці духоўна ўзбагачаным.
Біскупы спрабавалі даць адказы і на тое, як прыняць Божую волю ў складанай жыццёвай сітуацыі, напрыклад, калі памірае дзіця, а таксама як знайсці ўнутраны спакой у штодзённасці. Вядома, гатовых рэцэптаў паводзінаў у такіх абставінах няма, і застаецца толькі давяраць Богу, нават калі гэта вельмі цяжка.
У адказ на пытанне пра самы эфектыўны метад евангелізаці арцыбіскуп Станеўскі сказаў, што перадусім трэба жыць Евангеллем, і гэта становіцца найбольш пераканаўчым сведчаннем, нашмат больш каштоўным за любыя словы.
Іерарх дадаў, што таксама не трэба саромецца паказваць сваю веру перад іншымі, хоць гэта бывае часам нязручна.
Калі моладзь пацікавілася ў біскупаў, як весці дыскусію з атэістамі, Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп заўважыў, што атэізм найчасцей гэта проста няведанне Бога, няправільнае ўяўленне пра Яго, фальшывы вобраз веры, які маюць некаторыя людзі, што варожа ставяцца да Касцёла. Таму менавіта дыялог пра Бога можа даць добры плён і дапамагчы такому чалавеку адкрыць для сябе шлях да веры.
У дыялогу з біскупамі моладзь не абмінула і пытання адносна таго, што рабіць людзям з ЛГБТ-схільнасцямі. Следам за Папам Францішкам біскуп Буткевіч паўтарыў, што такія схільнасці не перакрэсліваюць чалавека і не закрываюць яму шлях да неба, дадаўшы, тым не менш, што недапушчальна лічыць гэта чымсьці нармальным. Ён нагадаў, што Езус менавіта для таго прыйшоў у свет, каб сваёй ахвярай пераадолець наступствы граху, і што з Ім неабходна шукаць выйсця з кожнай няпроста сітуацыі, а не рабіць выгляд, што праблемы няма і што ўсё нібыта нармальна.
Адказваючы на пытане пра тое, што зрабіць, каб такія сустрэчы моладзі адбываліся часцей і збіралі больш людзей, арцыбіскуп Станеўскі заўважыў, што многае ў гэтай справе залежыць ад саміх юнакоў і дзяўчат.
Паводле іерарха, калі кожны з трох соцень удзельнікаў Дзён моладзі ў Браславе распавядзе пра іх сваім аднагодкам і зацікавіць іх, то з часам на такую сустрэчу зможа сабрацца ўся моладзь Беларусі.
На заканчэнне дыялогу Віталій прапанаваў біскупам уявіць, што гэта ім цяпер па 19–20 гадоў, і што б яны тады зрабілі для таго, каб быць радасцю і надзеяй Касцёла.
«Каб быць для Касцёла радасцю і надзеяй, трэба самім у гэтым Касцёле знайсці для сябе радасць і надзею», — сцвердзіў у адказ біскуп Алег Буткевіч.