19 ліпеня ў Браславе распачаліся Чацвёртыя Агульнабеларускія дні моладзі, на якія сабраліся больш за тры сотні юнакоў і дзяўчат з розных мясцін Беларусі.
Санктуарый Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, нездарма быў выбраны месцам правядзення моладзевага форуму, які сёлета прымеркаваны да 25-гадовага юбілею з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.
Сабраных перад цудадзейным Браслаўскім абразом удзельнікаў Дзён моладзі прывітаў пастыр самай маладой беларускай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч — наймалодшы дыяцэзіяльны біскуп у нашай краіне, які пажадаў юнакам і дзяўчатам плённа правесці гэтыя дні агульнанацыянальнай сустрэчы.
Пра тое, як яна будзе праходзіць, распавёў удзельнікам галоўны арганізатар моладзевага форуму ў Браславе ксёндз Алег Хмылко, адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі.
Пасля яго да сабраных звярнуўся Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Іерарх нагадаў словы Папы Францішка пра тое, што Езус Хрыстус — гэта найпрыгажэйшая маладосць свету, і што кожны, хто жыве Ім, становіцца маладым Ягонай маладосцю.
Арцыпастыр таксама заўважыў, што дзень пачатку агульнанацыянальнай сустрэчы моладзі стаў асабліва важным у Касцёле на Беларусі яшчэ і таму, што Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі ксяндза каноніка Андрэя Зноску, які ў суправаджэнні каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя таксама прыбыў на Дні моладзі ў Браслаў.
Карыстаючыся нагодай, арцыбіскуп Станеўскі асабіста павіншаваў біскупа наміната Зноску з гэтым прызначэннем, а той, у сваю чаргу, звярнуўся з прывітальным словам да ўдзельнікаў Дзён моладзі.
Потым у касцёле адбылася святая Імша з удзелам біскупаў, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека і святароў, душпастыраў моладзі з розных дыяцэзій. Узначаліў цэлебрацыю біскуп кад’ютар Уладзімір Гуляй.
На пачатку Эўхарыстыі гэты наймаладзейшы ў беларускім каталіцкім епіскапаце да сённяшняга дня іерарх прывітаў усю моладзь Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў асобе прысутных юнакоў і дзяўчат.
«Добра і вельмі радасна, што вы тут! Нягледзячы на „святы“ час канікулаў, вы ў Браславе, каб перажыць гэтую цудоўную сустрэчу разам!
Перш за усё, я хацеў бы, каб мы моцна ўсвядомілі праўду, што, маючы аднаго Айца ў нябёсах, мы ўсе браты і сёстры. Мы — адна сям’я: не па крыві, а па духу. Калі мы набліжаемся да Бога, мы набліжаемся адзін да аднаго і крочым да Яго разам!» — падкрэсліў біскуп Гуляй, дадаўшы, што ў гэтай святой Імшы праз заступніцтва Марыі, Валадаркі азёраў, будзе прасіць у Нябеснага Айца патрэбныя дары і ласкі для маладых людзей і іх сем’яў.
У прамоўленай гаміліі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі перадусім перадаў прысутным сардэчныя прывітанні ад моладзі і ўсіх вернікаў Гродзеншчыны, «якія з вялікай надзеяй глядзяць на вас і ўжо сёння даручаюць вам, маладым людзям, лёсы Каталіцкага Касцёла на Беларусі».
«Мы, крыху старэйшыя, сапраўды верым, што вы з гэтым справіцеся! Што ваш энтузіязм, ваша вера і братэрская любоў змогуць змяніць аблічча гэтай нашай зямлі — дадзенай нам Богам беларускай зямлі», — сцвердзіў малады іерарх. Ён заўважыў, што гэты з’езд моладзі — таксама нагода паказаць жывы Касцёл.
«Дні моладзі нярэдка становяцца для душпастыраў, а таксама для біскупаў вялікай неспадзяванасцю. Перарастаюць тое, чаго яны чакаюць. Гэтыя Дні моладзі сталі вялікім і захапляльным сведчаннем, якое моладзь дае пра сябе; сталі магутным сродкам евангелізацыі. Бо ў вас, маладых людзях, закладзены велізарны патэнцыял дабра творчых магчымасцяў», — падкрэсліў біскуп Гуляй, дадаўшы, што падчас кожнай сустрэчы з моладдзю для яго вельмі важна пачуць, што яна кажа, прычым не абавязкова словамі, а таксама сваёй прысутнасцю, спевам, танцамі, інсцэніроўкамі, сваім энтузіязмам.
«Нам патрэбны гэты моладзевы энтузіязм. Нам патрэбная гэтая радасць жыцця, якая ёсць у вас, маладых. У гэтай радасці жыцця ёсць штосьці з той першаснай радасці, якая была у Бога, калі Ён ствараў чалавека. Вы, маладыя, несяце у сабе гэтую радасць. Яна у кожным месцы тая ж, а адначасова іншая, арыгінальная. Вы ўмееце па-свойму яе выразіць», — сказаў біскуп, адзначыўшы, што ключавымі словамі ў перажыванні Дзён моладзі становяцца «радасць» і «надзея».
«Сучаснаму чалавеку, які часта заклапочаны і прыгнечаны няўдачамі, сёння патрэбнае новае святло, адшуканне матываў радасці і надзеі. Бо радасць — своеасаблівы выраз таго, што мы называем ласкай і досведам боскага асвячэння», — сцвердзіў іерарх, нагадаўшы словы святога Дамініка Савіо, Апекуна моладзі, што «святасць засноўваецца на прабыванні ў радасці».
Біскуп зазначыў, што крыніцай радасці з’яўляецца надзея, і на гэта звярнуў увагу Папа Францішак, узяўшы ў якасці назвы Паслання да моладзі на 2023 год словы з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў : «Радасць надзеі» (пар. Рым 12, 12).
«Усе народы сёння агорнуты менавіта адсутнасцю надзеі: бо вайна, бо перасычанасць або недахоп, бо спробы самазабойства, бо розныя дэпрэсіі. Мы ведаем гэта з досведу нашых блізкіх, можа, нават асабістага, з досведу сяброў і сябровак па школе і ўніверсітэце. Папа кажа, што наш адказ на гэта — надзея. <…>
Папа Францішак, кажучы моладзі, што іскра надзеі можа быць затушана трывогамі, страхамі ці цяжарамі штодзённага жыцця, заклікае ўсіх нас пастаянна яе распальваць і сілкаваць так, як сапраўдную іскру, якой патрэбна паветра, каб працягваць ззяць і адраджацца ў вялікім агні надзеі.
Аднак яна не сілкуецца і ніколі не можа сілкавацца толькі нейкімі фальшывымі ілюзіямі ці няспоўненымі марамі. Надзея сілкуецца — як сказаў моладзі Папа — нашымі штодзённымі выбарамі. Бо Валадарства Божае рэалізуеца тут, цяпер, у нашай штодзённасці. Яно — як казаў сваім вучням Езус — сапраўды сярод нас. Бо Ён з намі. Ён наша надзея! Таму патрабуе ад нас вельмі канкрэтных выбараў у штодзённым жыцці. Патрабуе ад нас найперш стылю жыцця, заснаванага на надзеі. Патрабуе служэння і любові», — падзяліўся думкай Пантыфіка біскуп каад’ютар.
Звярнуўшы ўвагу на тое, што Дні моладзі праходзяць у санктуарыі Маці Божай Браслаўскай, якая ўшаноўваецца пад тытулам Валадаркі азёраў, іерарх сказаў: «Углядаючыся ў хараство прыроды, у цудоўныя краявіды гэтай зямлі, любуючыся Браслаўскімі азёрамі, лепш разумееш наказ Хрыста, звернуты да вучняў: „Выплывіце на глыбіню!“ Сёння наша Маці прыгадвае словы нашага Збаўцы: „Выплыві на глыбіню!“ Гэта заклік нашай Маці і Каралевы.
Выплыві на глыбіню, каталіцкая моладзь Беларусі! Пан з табой! Не бойся цяжкасцяў, якія і сёння стаяць на тваім шляху. З Хрыстом ты здабудзеш перамогу! Адважна ідзі да святасці: у ёй крыецца надзейнае абяцанне праўдзівага міру і трывалага развіцця, сапраўднай радасці і трывалай надзеі. Выплываць на глыбіню — гэта адважна станавіцца на бок дабра і вельмі ясна супрацьстаяць злу. Выплываць на глыбіню — гэта <…> значыць заўсёды станавіцца на бок праўды», — падкрэсліў малады іерарх.
«Я моцна веру, што сёння Браслаў — запальная іскра для молалзі, да якой вы вернецеся і якую будзеце зараджаць сваёй верай. Браслаў — вялікая іскра радасці, любові, энтузіязму і сведчання веры», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Уладзімір Гуляй, заахвоціўшы моладзь, пачынаючы з гэтай хвіліны, прымаць радасць і паўнату надзеі, якую дае наш Збаўца і Пан, найлепшы Сябра і Брат, Езус Хрыстус.
Больш фота з Агульнабеларускіх Дзён моладзі ў Браславе — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.