10 ліпеня вырушыла ў дарогу 27-я пешая пілігрымка вернікаў Івейскага дэканату ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
Паломніцтва распачалося святой Імшой у касцёле святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах.
Цэлебрацыю ўзначаліў ксёндз канонік Віктар Субель, дэкан Івейскі.
Пасля Імшы святар благаславіў 78 пілігрымаў, якія распачалі вандраванне да маці Божай Тракельскай.
Пілігрымы за тры дні абыдуць усе парафіі Івейскага дэканату і пешкі пераадолеюць каля 60-і кіламетраў. Яны пройдуць праз Дуды, Іўе, Ліпнішкі і Геранёны і прыбудуць на традыцыйны фэст Маці Божай Тракельскай, што ў народзе здаўна завецца «Тракелянка».
Урачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў сёлета пройдуць з 12 па 14 ліпеня.