Пошук

05.07.2024 13:26   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Перад агульнабеларускім фэстам Маці Божай Будслаўскай, які сёлета праходзіць 5 і 6 ліпеня, у Нацыянальным санктуарыі заўсёды вельмі шмат падрыхтоўчай працы.

Дапамагчы пробашчу парафіі ў Будславе ксяндзу Дзмітрыю Дубовіку перад святам прыехала група маладых валанцёраў з Мінска ў складзе дзесяці асобаў на чале з адказным за душпастырства моладзі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Андрэем Бураком.

Некалькі дзён юнакі і дзяўчаты з мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі разам з кандыдатам да пасвячэння Аляксандрам Шыманскім, які цяпер праходзіць у архікатэдры душпастырскую практыку, выконвалі розную неабходную працу.

«Дзяўчаты чысцілі, прыбіралі, мылі, дапамагалі на кухні; хлоцы ўдзельнічалі ў зборцы канструкцыі палявого алтара, устанаўлівалі намёты для споведзі, насілі лаўкі і крэслы, усе разам складалі камуніканты ў цыборыі і дапамагалі фларыстам. У вольны час гулялі ў валейбол, хадзілі на рэчку, супольна маліліся ў гэтым асаблівым месцы, якое Марыя выбрала сваім домам», — падзялілася з Catholic.by маладая каталіцкая актывістка з Мінска Ірэна Ахрамовіч.

Акрамя моладзі, у падрыхтоўцы да фэсту ўзялі ўдзел і першыя пілігрымы. Ксёндз Павел Рудзьман, брат Валерый Кунгер, капуцын, і сястра Эльжбета Васькова, эльжбетанка, спецыяльна выйшлі ў дарогу раней, каб пасля дзевяцідзённай пешай пілігрымкі з Баранавічаў актыўна ўключыцца ў падрыхтоўку да фэсту. Да іх далучыўся яшчэ адзін святар, ксёндз Юрый Медушэўскі, які прыехаў у Нацыянальны санктуарый на ровары з Брэста.

Нязменна перад святам у Будславе рупліва працуе сястра Вольга Данькоўская, назарэтанка, якая раней доўгі час несла тут служэнне. Законніца рыхтуе ўсе неабходныя для ўрачыстых цэлебрацый рэчы, пачынаючы ад літургічнага начыння і сканчваючы абрусамі, святарскімі шатамі і свечкамі.

Будслаўскі пробашч ксёндз Дзмітрый Дубовік шчыра ўдзячны за гэтую дапамогу дзеля большай хвалы Бога і Яго Найсвяцейшай Маці.

 

Абноўлена 05.07.2024 20:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця