У 2024 годзе ў мінскім выдавецтве «Pro Christo» пабачыла свет кніга ўспамінаў пра ксяндза прэлата Люцыяна Хмялёўца «Пастыр паводле Божага Сэрца».
Выданне прымеркавана да 110-годдзя з дня нараджэння і 20-годдзя з дня смерці гэтага незвычайнага святара, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сябра і памочніка кардынала Казіміра Свёнтка.
Падчас пераследу Касцёла ён дапамагаў нашым продкам захаваць веру і потым паказваў шлях да Бога новым пакаленням вернікаў, аднаўляў парафіі і святыні.
Сваімі ўспамінамі пра ксяндза Люцыяна Хмялёўца дзеляцца яго выхаванцы — духоўныя і свецкія асобы. Сярод іх — біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, ксёндз канонік Мар’ян Шэршань, сястра Часлава Навіцкая USJK, а таксама вернікі парафій у Дзераўной і Негарэлым на Міншчыне, дзе пра святара да гэтага часу ўдзячна памятаюць людзі старэйшых пакаленняў.
Ксёндз Люцыян распачынаў свой святарскі шлях на тэрыторыі цяперашняй Віцебскай дыяцэзіі — у Валкалаце, Канстанцінаве, а ў Дзераўную пераехаў у 1963 годзе і там ахвярна служыў Богу і людзям да апошніх дзён свайго зямнога жыцця. Па ўласных словах святара, ён хацеў «быць багатым толькі ў адным — у ласцы Божай», і гэтую ласку сапраўды меў. Бог шчодра адмераў яму зямнога веку: ксёндз прэлат Люцыян дажыў да свайго 90-годдзя і адышоў у вечнасць 3 чэрвеня 2004 года.
«Ксёндз Люцыян заўсёды паўтараў, што ён па духу місіянер <...>. Для ксяндза Люцыяна не важна было, дзе абвяшчаць Евангелле, — ён прыстасоўваўся да ўсяго і нічога для сябе не пакідаў, усё аддаваў людзям, якія знаходзіліся ў патрэбе», — напісаў у сваіх успамінах біскуп Антоні Дзям’янка.
Кніга ўключае ў сябе шмат фотаздымкаў з разгорнутымі подпісамі і апісаннямі: яны дадуць чытачу ўяўленне не толькі пра жыццёвы і святарскі шлях ксяндза прэлата Люцыяна, але і пра лёс Каталіцкага Касцёла на нашых землях у другой палове ХХ стагоддзя. Шчырыя ўспаміны аўтараў кнігі стануць для нашых сучаснікаў каштоўным сведчаннем апостальскай руплівасці і адданасці мінулых пакаленняў.
Кнігу можна будзе набыць на фэстах у Будславе, Тракелях, Гудагаі і Браславе.