Пошук

18.06.2024 11:11   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

15 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў пасвячэнне капліцы святога Антонія Падуанскага ў Мількавічах, што непадалёк ад Навагрудка.

Як зазначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, адноўленая старадаўняя капліца адносіцца да навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала.

Капліца, якая з’яўляецца помнікам сакральнага драўлянага дойлідства сярэдзіны ХIХ стагоддзя, знаходзіцца на старых могілках.

Яе аднаўленне стала магчымым дзякуючы ініцыятыве пробашча навагрудскай парафіі ксяндза Юрыя Жэгарына. Святар далучыў да гэтай справы сваіх парафіянаў, тых, хто жыў у Мількавічах раней, розныя арганізацыі і людзей добрай волі, каб з іх матэрыяльнай падтрымкай вярнуць капліцы жыццё.

Адметнасць капліцы — надмагільная пліта з іменем Валяр’яны Керсноўскай, дачкі мецэната гэтай святыні Станіслава Керсноўскага. Валяр’яна нарадзілася падчас прабывання яе бацькі ў ссылцы ў Табольску. Надмагілле нагадвае аб яе заўчаснай смерці.

Таксама ў капліцы знаходзіцца копія абраза Маці Божай Вастрабрамскай 1844 года.

На ўрачыстасць пасвячэння прыйшлі ў пешай пілігрымцы вернікі Навагрудка і ваколіц. Прысутнічала шмат гасцей, у тым ліку прадстаўнікі мясцовай улады.

Імшу, на якой адбылося пасвячэнне, біскуп Гродзенскі цэлебраваў у інтэнцыі ўсіх, хто падтрымаў аднаўленне гэтай гістарычнай святыні. Іерарх падкрэсліў, што аднаўленне капліцы з’яўляецца праявай веры мясцовых жыхароў: такім чынам яны паказваюць, наколькі вера важная для іх і якое месца ў іх жыцці займае Бог.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў удзячнасць усім, хто за адзін год адрадзіў да жыцця занядбаную капліцу, якая знаходзілася ў вартым жалю стане.

Пробашч навагрудскай парафіі ксёндз Юрый Жэгарын, дзякуючы біскупу за візіт, адзначыў, што мясцовыя жыхары вельмі шануюць святога Антонія. Яго абраз займае цэнтральнае месца ў капліцы, якая раней фактычна выконвала функцыю парафiяльнага касцёла. У 1935 годзе да гэтай парафii адносіліся наступныя населеныя пункты: Байкі, Дашкевічы, Лаўцы, Няхрымава, Асмолава, Пятрэвічы, Русілаўка Малая і Вялікая, Селішча, Станкевічы.

Пробашч выказаў надзею на тое, што адноўленая капліца на працягу дзесяцігоддзяў будзе для вернікаў месцам сустрэчы з Богам на малітве і ў супольнасці.

Напрыканцы ўрачыстасці было здзейснена благаслаўленне новага крыжа, усталяванага на могілках.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця