29 мая ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) ўрачыста адзначылі 20-годдзе святарства пробашча мясцовай парафіі святога Яна Паўла ІІ ксяндза Яўгена Учкуроніса і дырэктара Пастырскага цэнтра пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў Мінску ксяндза Віталія Дабраловіча.
Як паведамляецца ў групе парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні ў сацыяльнай сетцы Вк, на святкаванне прыбылі пяцёра святароў з розных куткоў Беларусі, якія разам распачыналі шлях святарскай фармацыі на адным курсе духоўнай семінарыі ў Гродне.
Гамілію прамовіў ксёндз Віталій Дабраловіч, які падзяліўся сваімі разважаннямі на тэму паклікання і святарскага служэння на падставе свайго асабістага дваццацігадовага вопыту.
У гэты вечар гучалі шчырыя словы віншаванняў і падзякі ксяндзу Яўгену і ксяндзу Віталію за адданае служэння Пану Богу і людзям ад парафіянаў і ад усіх суполак парафіі, дарослых моладзі і дзяцей.
Асаблівую падзяку за сына ўдзельнікі ўрачыстасці выказалі таксама маме пробашча, пані Генавэфе.
Дружная сям’я парафіяльнай супольнасці святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні ўжо даўно не месціцца ў невялікай парафіяльнай капліцы, і таму цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы адбывалася на адкрытым паветры.
Побач вядзецца будаўніцтва касцёла, што з’яўляецца плёнам супольнай працы вернікаў і іх руплівага душпастыра.