
Яшчэ адзін беларускі святар з’явіўся ў супольнасці аблатаў. 27 мая дыякан Павел Лемех OMI у касцёле св. Якуба Апостала ў Обры (Польшча) атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Яна Кота OMI, ардынарыя бразільскай дыяцэзіі Жэ-Дока.
Ксёндз Павел Лемех ОМІ паходзіць з вёскі Сцешыцы Вілейскага раёна. Разам з беларусам пасвячэнне атрымалі яшчэ 6 дыяканаў.
У гаміліі іерарх падкрэсліў, што новапрэзбітэры з’яўляюцца перадусім місіянерамі аблатамі Марыі Беззаганнай і звярнуў увагу на такую рысу харызмы аблатаў, як гатоўнасць служыць самым убогім.

Беларус Павел Лемех атрымаў першае прызначэнне і са святарскай паслугай накіруецца ў Святы Крыж — малую базыліку Святога Крыжа ў Свентакшыцкім ваяводстве Польшчы.
Сёння Місіянеры аблаты Марыі Беззаганнай нясуць сваё служэнне больш чым ў 70 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Дыякан Павел Лемех OMI стаў трэцім ураджэнцам Беларусі ў супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай.