
24 мая, калі ў Касцёле адзначаўся ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Успамогі хрысціянаў, Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі адзначыла круглую дату — 30-годдзе з моманту афіцыйнай дзяржаўнай рэгістрацыі.
З гэтай нагоды адбылося святкаванне, якое праходзіла ў мястэчку Сапоцкін, што каля Гродна.
Першым і цэнтральным пунктам святкавання была святая Імша ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Заслужаны іерарх стаяў ля вытокаў аднаўлення дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў Беларусі. У Імшы таксама бралі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, дырэктар Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч, святары, законныя сёстры, а таксама супрацоўнікі і валанцёры нацыянальнага і дыяцэзіяльных Caritas Беларусі.
У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч паразважаў над значэннем лацінскага слова caritas, якое ў перакладзе азначае «любоў» і невыпадкова стала назваю дабрачыннай каталіцкай арганізацыі.
Заслужаны іерарх адзначыў, што ў савецкія часы вернікі не ведалі, што ёсць такая дабрачынная арганізацыя, якая дапамагае патрабуючым матэрыяльна і духоўна. Пасля распаду СССР з’явілася магчымасць афіцыйнага заснавання Caritas у Беларусі. Але дзейнічаць на нашай зямлі яна пачала раней: ад канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады прыехалі першыя грузавікі з гуманітарнай дапамогай, якую раздавалі бедным, сем’ям у цяжкім матэрыяльным становішчы і іншым патрабуючым.
«Дабрачынная дзейнасць, якую праводзіць Caritas, адыгрывае вялікую ролю ў справе евангелізацыі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.
У якасці прыкладу іерарх прывёў служэнне аднаго брата францішканіна ў Маскве, які кожную суботу хадзіў у якасці валанцёра ў дом паміраючых, каб служыць ім сваёй дапамогай: абмыць, дапамагчы апрануцца і проста быць побач. Працаўнікі ўстановы не маглі паверыць у тое, што ён гэта робіць абсалютна бясплатна, «з патрэбы сэрца».
«Словы гэтага манаха і яго служэнне пакінулі след у душах людзей, якім быў патрэбны Бог. Такім чынам, важная не толькі матэрыяльная, але і духоўная дапамога», — сцвердзіў іерарх.

Ён дадаў, што яшчэ адзін важны аспект дзейнасці Caritas — гэта выхаванне ў людзях адказнасці, бо дабрачынная дзейнасць можа весціся толькі пры ўмове ахвярнасці тых, хто гатовы дапамагаць матэрыяльна. Паводле арцыбіскупа, «Caritas — гэта не „дойная карова“, якая ўвесь час дае малако. Каб было малако, яе трэба выводзіць на добрыя пашы. Дзякуючы ахвярадаўцам дапамога ёсць і даходзіць да адрасатаў. Варта пастаянна памятаць пра іх у малітве», — заахвоціў іерарх.
«Праз дзейнасць Caritas Божая ласка дакранаецца да чалавечага сэрца, даючы яму радасць і спакой; дапамагае яму зразумець і аднавіць у сабе чалавечую годнасць Божага дзіцяці», — упэўнены арцыпастыр.
Сваё разважанне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў словамі, напісанымі на надмагіллі «святога доктара» Фёдара Гааза: «Спяшайцеся рабіць дабро». Іерарх заклікаў тых, хто штодня ажыццяўляе дабрачынную дзейнасць, зрабіць гэтыя словы сваім дэвізам.
Потым у рэкалекцыйным доме адбылася другая, афіцыйная частка свята. У ёй, апроч прысутных на святой Імшы, бралі ўдзел пастар гродзенскай лютэранскай супольнасці Уладзімір Татарнікаў, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэй Рачкоўскі, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама спонсары.

Напачатку з прывітальным словам выступіў ксёндз Алег Пятрашка, дырэктар Caritas Гродзенскай дыяцэзіі
Са словамі віншавання да кіраўніцтва, супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннага каталіцкага таварыства звярнуліся прадстаўнікі ўлады, генеральны консул, прадстаўнік лютэранскай супольнасці, дырэктары нацыянальнага і дыяцэзіяльных Caritas і прадстаўнікі спонсараў.
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч скіраваў дабрачыннаму таварыству ў асобе яго дырэктара ксяндза Алега Пятрашкі віншаванне з нагоды гадавіны. Тэкст віншавання агучыў на ўрачыстасцях у Сапоцкіне Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч.
Адбылася цырымонія ўзнагароджання з нагоды 30-годдзя Caritas Гродзенскай дыяцэзіі, якую правялі дырэктар ксёндз Алег Пятрашка і намеснік дырэктара Алена Міхайлік. У перапынках прыгожым спевам і танцамі радаваў прысутных гурт «Анёлы» з гродзенскай парафіі Спаслання Духа Святога.
Пасля афіцыйнай часткі прысутных чакаў святочны фуршэт.



