Віншаванне
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
з нагоды Міжнароднага дня сям’і
Сям’я — добрая справа, калі ўсе маюць у ёй сваё месца і спаўняюць сваё пакліканне, на якое кожнага натхняе Пан Бог.
Сёння мы дзякуем Богу за нашых бацькоў і родных, атуляем нашай малітвай нашых дзядуляў і бабуляў. Мы дзякуем за родны дом, за атмасферу любові і згоды, разумення і ўзаемнай дапамогі. Мы сумуем па доме, у якім любоў — гэта як хлеб штодзённы, які кожны дзень ляжыць на стале; прабачэнне і неабходнасць разумення — як глыток свежага паветра, што дадае духоўнай моцы; праўда — як крыніца спакою для сэрца.
Няхай Бог благаславіць ваш дом і напоўніць яго спакоем і згодай. Няхай ваша любоў будзе моцнай, няхай мудрасць і дабрыня будуць ахоўнікамі, якія вас аберагаюць. Няхай кожны член вашай сям’і, падобна плёну, які прыносіць веру і праведнасць, квітнее ў любові і згодзе.
З найлепшымі пажаданнямі ў Міжнародны дзень сям’і ад шчырага сэрца благаслаўляю,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 15 мая 2024 г.