Пошук

13.05.2024 09:20   Паводле: Kascelmery.by / Фота: удзельнікаў пілігрымкі / Catholic.by

У суботу 11 мая Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, наведаў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай.

У трэцюю гадавіну пасля пажару, які здарыўся ў будслаўскай базыліцы 11 мая 2021 года, арцыпастыр узначаліў у адноўленай святыні цэлебрацыю святой Імшы.

У ёй бралі ўдзел пілігрымы з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) на чале са сваім душпастырам ксяндзом Андрэем Куліком, дэканам Мёрскім. Як адзначаецца на парафіяльным сайце Kascelmery.by, яны прыбылі ў Нацыянальны санктуарый падчас Марыйнага месяца мая, каб мець магчымасць без мітусні наблізіцца да цудадзейнага абраза Маці Божай і пабыць сам-насам з Марыяй, што бывае складана на фэсце, калі ў Будславе поўна людзей.

Перад Імшой вернікі маліліся Ружанец, а апоўдні распачалася цэлебрацыя Эўхарыстыі. Напачатку ўсіх прысутных у святні прывітаў пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар узгадаў пра сумную падзею ў гісторыі Нацыянальнага санктуарыя, што здарылася тры гады таму, і падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за прысутнасць і малітоўную падтрымку ў гэты асаблівы дзень.

Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату саказаў, што святую Імшу цэлебруе ў інтэнцыі тых, хто дапамагаў тушыць пажар, ратаваў маёмасць, падтрымліваў малітоўна, прычыніўся да аднаўлення святыні, а таксама за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы якім касцёл паступова набывае ранейшы, і нават лепшы, чым да пажару, выгляд.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў прысутных быць сведкамі Змёртвыхпаўстання Пана і абвяшчаць добрую навіну, як апосталы. Цытуючы словы Папы Францішка, іерарх падкрэсліў, што мы павінны імкнуцца абвяшчаць Евангелле ў тым асяроддзі, дзе жывем. Напрыканцы гаміліі арцыпастыр пажадаў, каб у сэрцы кожнага верніка заўсёды гарэў агонь Божай любові.

Фота Жанны Закрэўскай

Далучаючыся да супольнай малітвы, кожны пілігрым маліўся таксама ва ўласнай інтэнцыі: за сваю сям’ю, за родных і блізкіх, за парафію і святароў.

Пасля Імшы адбылося Маёвае набажэнства, падчас якога перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам і цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай прысутныя памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Ксёндз Дзмітрый Дубовік пазнаёміў арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з тым, як ідзе аднаўленне святыні, якія працы былі выкананы і што запланавана зрабіць у бліжэйшы час.

Іерарх падзякаваў пробашчу за руплівасць і благаславіў на плённую падрыхтоўку да сёлетняга фэсту, падчас якога адбудзецца прысвячэнне Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Абноўлена 13.05.2024 09:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа