Пошук

10.05.2024 10:21   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

5 мая, у першую нядзелю Марыйнага месяца, калi ў Гродзенскай дыяцэзiі адзначаецца Дзень мацi, у дыяцэзіяльным санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) дзякавалі за дар мацярынства і маліліся за ўсіх матуль — жывых і памерлых.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на малітве прысутнічалі жанчыны-маці з Івейскага, Лідскага і Радунскага дэканатаў, з Баранавічаў (Пінская дыяцэзія), Ліды і Шчучына.

Тракельскія парафіяне рыхтаваліся да гэтага дня загадзя. У атмасферы адзінай сям’і яны прыбіралі ў касцёле, на тэрыторыі каля яго, у Марыйным садзе.

Пачалося свята з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту каля цудадзейнага абраза Маці Божай.

Святочную Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі біскуп намінат Уладзімір Гуляй, генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, кусташ Тракельскага санктуарыя ксёндз канонік Юрый Бяганскі. Іншыя святары служылі сакрамэнтам паяднання.

Біскуп намінат Гуляй у гаміліі падкрэсліў:

«Маці Божая прагне, каб мы наследавалі Яе, у Яе стылі выконвалі сваё індывідуальнае пакліканне, якім Бог адарыў кожнага».

Ён патлумачыў, якім чынам наследаваць Панну Марыю: гэта значыць «быць адкрытымі на Божае слова, адказваць на яго паслухмянасцю ў веры і паводзінах», «сведчыць сваім жыццём, што варта слухацца Бога, бо ад выканання Яго закону залежыць не толькі нашае асабістае і сямейнае шчасце, але таксама грамадскія, нацыянальныя і міжнародныя поспехі», «давяраць Богу, быць паслухмяным Яму» і згаджацца з кожнай Яго воляй, маліцца — наследаваць Маці Божую ў малітве праслаўлення, падзякі і просьбы.

«Гэты астылы да малітвы свет трэба выратаваць, вылечыць, падтрымаць і перамяніць да лепшага праз нашу шчырую і няспынную малітву. Марыя глядзіць на нас і чакае, што мы будзем закваскай гарачай, настойлівай малітвы ў нашых сем’ях і парафіяльных супольнасцях», — дадаў намінат. Акрамя таго, Маці Божая, па яго словах, «пастаянна ахвяравала сябе Богу і кожны дзень аднаўляла сваё ахвяраванне». Намінат Гуляй заахвоціў удзельнікаў свята прасіць Бога аб тым, каб кожны дзень станавіцца дарам Яму і людзям.

Святар, які 25 мая прыме ў Гродне біскупскае пасвячэнне, адзначыў, што Панна Марыя дае ўсім маці прыклад мацярынства. Ён падзякаваў жанчынам-маці за «прыняты дар жыцця ад Бога», якім з’яўляюцца іх народжаныя дзеці, за «дары любові, пяшчоты і прабачэння, зразумення і ўсіх матчыных турботаў; за дар малітвы вуснаў і мову сэрца». Намінат пажадаў усім маці Божага благаслаўлення, заклікаў даручыць Божай міласэрнасці ўсіх памерлых маці, каб яны цешыліся вечным шчасцем, і памятаць пра тых маці, «якія носяць пад сэрцам новае жыццё, каб Бог благаславіў іх і апекаваўся, каб яны з радасцю чакалі нараджэння свайго дзіцятка і шчасліва нарадзілі».

Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да прысутных, сказаў: «Мацярынства — гэта веліч і святасць, найважнейшая місія жанчыны, звязаная з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Ваша роля ў захаванні і ўмацаванні духоўных каштоўнасцяў і маральных ідэалаў грамадства заключаецца ў простым і знаёмым з самага нараджэння слове — „мама“! Матчына любоў — адзін з самых цудоўных дароў, якія Бог дае чалавеку».

Удзельніцы супольнасці «Маці ў малітве» і іншыя прысутныя павіншавалі біскупа Гродзенскага з імянінамі, якія ён адзначаў двума днямі раней.

У межах свята адбыўся Крыжовы шлях «Тая, што пад Крыжам стаяла», падчас якога ўдзельнікі разважалі аб ролі маці ў сучасным свеце.

…Калі пасля благаслаўлення жанчыны-маці пакідалі санктуарый, можна было заўважыць, што іх вoчы нeзвычaйнa cвяцiлicя. Удзельнікі свята дадаюць, што яму спадарожнічала асаблівая атмасфера, што і паветра, здавалася, прасякнута ўзнёслым настроем і душэўным спакоем.

Абноўлена 10.05.2024 11:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця