Пошук

29.04.2024 06:20   Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

Матэрыялы майскага нумара папулярнага каталіцкага часопіса «Ave Maria» № 5 (350) 2024 так ці інакш перагукаюцца з тэмай «Марыя — узор пакоры», і невыпадкова: найпрыгажэйшы веснавы месяц здаўна прысвечаны ў Касцёле Маці Божай.

Агляд публікацый нумара пададзены на сайце часопіса ave-maria.by.

«О мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе!» — ці не гэтыя словы найбольш выразна ілюструюць пазіцыю сапраўднай пакоры ў сэрцы чалавека? Паводле гэтай малітвы анёла з Фацімы святы Ян Павел ІІ пабудаваў сваё малітоўнае разважанне, якое было прамоўлена падчас пілігрымкі ў Фаціму ў 1982 годзе і якім распачынаецца майскі нумар часопіса «Ave Maria», прысвечаны тэме «Марыя — узор пакоры».

У часопісе друкуецца ўрывак з разважання пад назваю «Аб’яўленні з Фацімы» ў перакладзе з польскай мовы Крыстыны Лялько.

Думкі Святога Айца пра вялікую любоў, якою палюбіў нас Бог, паслядоўна развіваюцца ў далейшых артыкулах: «Найвялікшая праява любові і дар Маці Касцёла» айца Юрыя Кулая OCD пра знакі Божай любові і адказ чалавека на яе, «Ці прыніжае хвалу Хрыста ўсхваленне Марыі?» ксяндза Андрэя Рылкі пра тое, ці правамоцна паводле тэалогіі дадаваць да хрысціянскага прывітання «Пахвалёны Езус Хрыстус!» словы «і Марыя — заўсёды Дзева».

Пра Марыю як Дзяўчыну з крыві і плоці, якая жыла дзве тысячы гадоў таму ў канкрэтным месцы, сярод канкрэтных людзей, якой пагражалі каменаванне і нянавісць, вядзецца гутарка ў інтэрв’ю Дамініка Ярчэўскага ОР з біблісткаю Барбараю Стжалкоўскаю «Маладая Маці».

Словы самой Найсвяцейшай Панны як Маці Міласэрнасці мы прачытаем у сведчанні святой Фаўстыны Кавальскай, дзе публікуюцца ўрыўкі з яе «Дзённіка» ў перакладзе з польскай мовы Крыстыны Лялько («Марыя — мая Настаўніца»).

Сястра Паўла Бобер MSF на «Старонцы псіхолага» апісвае праявы пакоры ў фальшывым яе разуменні як вельмі небяспечнай з’явы (артыкул «Фальшывая пакора»). Сваім хрысціянскім досведам і разважаннямі пра цноту пакоры дзеляцца Тэрэса Клімовіч у нарысе «Пакора і свабода», а таксама Іна Бігель у артыкуле «Пакорным шляхам Марыі» і Ганна Шаўчэнка ў публікацыі «Як вучыць дзіця пакоры?». Сведчанне пра жыццё хрысціянскай сям’і прапануе Галіна Калевіч у матэрыяле «Каб вымаліць сваіх бацькоў…».

Чытачоў таксама чакаюць вершы Дануты Бічэль і Ганны Шылько, рэпартаж аб працягу перэгрынацыі абразоў Маці Божай па парафіях Беларусі Віктара Ведзеня, цікавыя матэрыялы ў рубрыцы «З нагоды юбілею», а на апошніх старонках вокладкі — малітвы, складзеныя айцамі марыянамі, і «Літанія да святога Станіслава ад Езуса і Марыі Папчынскага».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця