Пошук

12.04.2024 21:31   Тэкст і фота: с. Марцэліна Мігач ISSM / Catholic.by

11 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску прайшло чарговае пасяджэнне Пленарнага сходу вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Сустрэча кансэкраваных асобаў распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне засяродзіў увагу прысутных на асобе святога Станіслава, біскупа і мучаніка, літургічны ўспамін якога адзначаўся ў гэты дзень.

Апостальскі нунцый таксама нагадаў прысутным манаскім асобам пра неабходнасць радаснага сведчэння іх жыцця.

Пасля супольнай Эўхарыстыі ўдзельнікі перайшлі ў канференц-залу, дзе адбылося працоўнае пасяджэнне. Напачатку выступілі прысутныя іерархі: нунцый Ёзіч і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца адказным за інстытуты кансэкраванага жыцця.

Потым сабраныя праслухалі канферэнцыю на тэму: «Псіхалагічны профіль настаяцеля», якую прамовіла адна з сясцёр законных, дзеючы псіхолаг-кансультант. Канферэнцыя паступова перайшла ў адказы на пытанні ўдзельнікаў з залы.

Важнай часткай пасяджэння стала абмеркаванне юрыдычных змен дзяржаўнага заканадаўства і іх наступстваў для манаскіх асобаў, якія шырока і даступна прадставіў ксёндз канонік Андрэй Зноска, юрыдычны кансультант ККББ. Святар таксама адказаў на пытанні слухачоў.

Падчас сустрэчы былі закранутыя і аспекты адукацыйнага праекту, скіраванага на ўзмацненне кампетэнцыі кансэкраваных асобаў, які працягваецца ўжо два гады. Пра праект апавёў адзін з адказных за яго рэалізацыю, адначасова акрэсліўшы перспектывы і магчымасці яго далейшага развіцця.

Старшыня Каардынацыйнай групы ксёндз Анджэй Юхневіч ОМІ завяршыў пасяджэнне, асвятліўшы бягучыя справы. Святар з законніцкай супольнасці місіянераў аблатаў распавёў пра падзеі, якія адбыліся ў апошні час, а таксама нагадаў каляндар будучых мерапрыемстваў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця