Вялікдзень у парафіі Святога Духа на Альшанцы (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад) сустрэлі нядзельнай раніцай 31 сакавіка з удзелам арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча.
Пасха з’яўляецца галоўнай урачыстасцю ўсіх хрысціянаў. У гэты дзень вернікі радасна святкуюць уваскрасенне Хрыста з мёртвых і перамогу жыцця над смерцю.
У гродзенскай парафіі Святога Духа літургічная цэлебрацыя нядзелі Уваскрасення Пана распачалася на світанні. А 7-й гадзіне каля парафіяльнай капліцы адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, у якой узялі ўдзел мясцовыя вернікі на чале з арцыбіскупам Кандрусевічам.
«Рэзурэкцыйная працэсія, якую смела можна назваць нашым „рэлігійным брэндам“, абвяшчае нам радасную пасхальную вестку аб тым, што не смерць, але жыццё пануе ў свеце», — сцвердзіў заслужаны іерарх.
Пасля працэсіі распачалася святая Імша, падчас якой арцыпастыр адзначыў: «Мы радуемся святу ўваскрасення Езуса. Але наша радасць адрозніваецца ад той, якую перажываюць удзельнікі гадавіны ці юбілею некай значнай падзеі. Вялікдзень — гэта не чарговая гадавіна Уваскрасення Езуса, якое мела месца 2000 гадоў таму ў Ерузалеме. Гэта таксама не памятнае мерапрыемства, не ўспамін першай пасхальнай раніцы — гэта дзень, які Пан учыніў. Сёння Ён уваскрос.
Пасха Хрыстова — гэта не мінулае, але сучаснасць, і мы з’яўляемся ўдзельнікамі праўды Уваскрасення Хрыста. Сённяшні дзень — гэта радасць трыумфу і перамогі Бога», — падкрэсліў іерарх. Разам з тым ён заўважыў, што сучасны свет будуе новую рэлігію, адкідаючы хрысціянства. «За прынцып бяруць не Божы закон, а тое, „што людзі кажуць“, і гэта становіцца нормай жыцця. Законы змяняюцца, Канстытуцыі змяняюцца, але Божае слова ніколі не змяняецца, і мы павінны быць вернымі яму. Сённяшняе свята заклікае нас шукаць праўду, якая не змяняецца, якую абвяшчае ўваскрослы Езус», — дадаў арцыпастыр.
«Сімвалам хрысціянскай надзеі з’яўялецца якар, які ўтрымлівае карабель падчас буры на моры. Таксама і Хрыстус трымае нас на ўзбураных хвалях нашага жыцця. Бязмежны ў сваёй міласэрнасці, Ён дапамагае нам уваскрэснуць з магілы грахоў, калі дазволім Яму гэта зрабіць, — сказаў напрыканцы гаміліі заслужаны іерарх.
Арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў вернікаў з Велікоднымі святамі і заклікаў дазволіць Хрысту ўваскрэснуць у іх сэрцах і такім чынам «адкрыць магілы трывог, грахоў, занепакоенасці, цяжкасцяў, праблем і напоўніць надзеяй, якой ёсць вечнае жыццё».
Напрыканцы ўрачыстай цэлебрацыі таксама пробашч маладой гродзенскай парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда павіншаваў парафіянаў са святам Пасхі, пажадаў радасці, супакою, моцнай веры, надзеі, любові не толькі да Бога, але і да кожнага з бліжніх. Пробашч падзякаваў арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за прынятае запрашэнне перажыць святы Пасхальны Трыдуум і ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання з парафіяльнай сям’ёй на Альшанцы.