Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
ПАСХА — УВАСКРАСЕННЕ ХРЫСТА
Пастырскае пасланне на Вялікдзень 2024 года
Езус Збаўца уваскрос, аллелюя!
Мір і радасць нам прынёс, аллелюя!
(з песні «Езус Збаўца уваскрос…»)
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
1. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! Вітаю вас гэтымі словамі велікоднага закліку, які ў гэтыя святочныя дні гучыць у каталіцкіх святынях свету.
У слове «сапраўды» заключана пацвярджэнне праўды пра факт уваскрасення нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста. Без гэтай праўды, якая пацверджана гістарычнымі фактамі, не было б нашага збаўлення, без уваскрасення Езуса не было б нашага ўваскрашэння. У гэтай ісціне знаходзіцца фундамент нашай веры, веры ўсіх хрысціянаў. Апостал Павел падкрэслівае гэта ў сваім Пасланні да Карынцянаў: «А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная» (1 Кар 15, 14).
Уваскрасенне Хрыста, якое мы сёння святкуем, гэта пераход Хрыста з душою і целам са стану смерці ў іншае жыццё. І гэтае свята адкрывае нам цудоўную перспектыву нашага канчатковага існавання. Чалавек часта задае сабе пытанне пра сэнс свайго існавання, і ўваскрасенне Хрыста — адказ на гэтае пытанне. Святы Ян Павел ІІ падкрэсліваў: «Хрыстус уваскрос, каб чалавек знайшоў сапраўдны сэнс свайго існавання, каб чалавек жыў у поўні: каб чалавек жыў з Богам і ў Богу». Пан не чыніць нас нявольнікамі, менавіта Ён стварыў нас свабоднымі. Ён ні ў чым не змушае нас, Бог чакае ад нас, хрысціянаў, такога жыцця, каб мы былі соллю, якая надае смак, каб былі такім святлом, у якім людзі ўбачаць добрую вестку пра бязмежную Божую любоў і Ягоную міласэрнасць.
Паводле выказвання святых, «хрысціянін з’яўляецца соллю і святлом свету не таму, што перамагае ці трыумфуе, а таму, што дае сведчанне Божай любові; і ён не будзе соллю, калі не мае сілы, каб «саліць»; ён не будзе святлом, калі сваім прыкладам і навучаннем не будзе сведчыць пра Хрыста-Збаўцу, калі страціць тое, што з’яўляецца сэнсам ягонага жыцця».
2. Тое, што ўчыніў для нас Езус дзве тысячы гадоў таму, і сёння становіцца для нас рэальным. Ён ёсць сярод нас, мы перажываем таямніцу пустой магілы, акунаемся ў сведчанні Яго вучняў, што сапраўды Хрыстус быў Тым, хто перамог смерць. Наш Пан і Збаўца, ахвяруючыся дзеля нас, адкрыў нам цудоўную перспектыву жыцця, якое ніколі не скончыцца.
Хрыстус уваскрос не для таго, каб нам даць добры прыклад, але Езус у сваім целе як бы прадстаўляе пэўны шлях, якім Ён хоча весці ўсіх тых, хто Яму даверыцца. Хрыстус перамог смерць, Ён вярнуўся з магілы не ў выглядзе нейкага прывіду, але ў рэальным сваім абліччы. Калі Езус прыйшоў да сваіх вучняў, то паказаў ім сваё цела, на якім засталіся раны. Адначасова Ён сказаў апосталам: дакраніцеся да Мяне, пераканайцеся, што гэта насамрэч Я, а не якісьці прывід ці дух. Хрыстус паводзіў сябе як жывы чалавек, бо Ён сапраўды ўваскрос.
3. Браты і сёстры, для нас свята Вялікадня не з’яўляецца нейкім пераходам з зімовай спячкі да веснавога абуджэння, не з’яўляецца толькі і выключна святам нашага духоўнага адраджэння, але з’яўляецца прадвесцем таго, што з намі станецца ў рэальнасці. Без уваскрасення Езуса Хрыста не было б гарантыі нашага ўваскрашэння. Уваскрасенне Хрыста — гэта самы важны цуд у гісторыі чалавецтва і гэта падмурак нашай веры. У «Апостальскім сімвале веры» мы паўтараем: веру ў жыццё вечнае, уваскрашэнне цела. Такім чынам, Вялікдзень — гэта свята веры. Езус сказаў: «Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25–26).
4. Мае дарагія, каб убачыць уваскрослага Езуса, неабходна пачуццё веры. Мы запрошаны адсунуць камень і пакінуць магілу нашых грахоў, узняцца над знешнім, пачуццёвым, дакранальным і бачным, гэта значыць над тымі знакамі, якія паглынаюць нашую ўвагу, энергію, сілы і засланяюць духоўную рэчаіснасць, засланяюць Езуса. Езус аб’явіцца нам, калі мы паверым і даверымся Яму. Гэта станецца тады, калі мы, як Пётр, адмовімся ад разлікаў, самаўпэўненасці, пыхі і станем перад Ім у праўдзе, прызнаючыся ў сваіх грахах. Давайце, як апостал Ян, станем перад Богам у пакоры, малітве і сузіранні, адкрытыя на Яго таямніцу. Давайце будзем мець такую цярплівасць і адданую любоў, як у святой Марыі Магдалены.
5. Вялікдзень — гэта свята надзеі. Хрыстус першым уваскрос з мёртвых. Уваскрэснем і мы, бо мы не з’яўляемся толькі звычайнымі біялагічнымі істотамі, існаванне якіх заканчваецца ў момант смерці. Мы — людзі, у якіх адлюстроўваецца духоўны вобраз і прыгажосць Бога. Бог несмяротны. Мы таксама маем удзел у несмяротнасці. Усё, што мы ствараем на зямлі, — культуру, дабро, прыгажосць, любоў, і тое, што для нас каштоўнае і важнае, не заканчваецца з момантам смерці. Мы надалей жывем на зямлі праз іншых, праз нашчадкаў ці людзей добрай волі, якія гэтую добрую волю рэалізуюць. Уваскрасенне — гэта жыццё вечнае. Таму адзін тэолаг назваў Вялікдзень «рыўком да жыцця».
6. Вялікдзень — гэта таксама свята любові. Святы Павел у прыгожым гімне пра любоў напісаў, што на самай справе ў рэшце рэшт застанецца толькі любоў (гл. 1 Кар 13). Пасля ўваскрасення вера і надзея больш не будуць патрэбныя. Застанецца толькі любоў. У нашым зямным жыцці мы перажываем цярпенні і цяжкасці. Мы плануем, ствараем, будуем лепшае жыццё. Аднак мы ўсведамляем, што ўсё гэта нетрывалае, прамінальнае. Сёння, пры развітых тэхналогіях, калі яны не выкарыстоўваюцца дзеля дабра чалавецтва, дастаткова некалькіх імгненняў, каб знішчыць дасягненні і намаганні цэлых пакаленняў.
Мы бачым, якой знішчальнай бывае таксама стыхія прыроды, калі падчас землятрусаў, цунамі, паводак гіне не толькі ўсё матэрыяльнае, але самае галоўнае — гінуць людзі. Крохкасць нашага існавання паказала і нядаўняя пандэмія, а таксама ўзброенныя канфлікты і праявы агрэсіі. Заахвочваю ўсіх маліцца за ахвяр войнаў і тэрарыстычных актаў, а таксама эпідэмій. Просім, каб міласэрны Бог прыняў нявінную ахвяру загінулых і адарыў іх вечным жыццём у Валадарстве Неба, а параненых і церпячых, а таксама тых, хто знаходзіцца ў жалобе, няхай Уваскрослы Пан умацуе сваёй ласкай у цярпенні.
7. Уваскрасенне Езуса Хрыста нараджае ў нас надзею: нават калі ўсё, здавалася б, траціць сэнс, застанецца вечнасць любові ў Богу. Застанецца пачуццё і упэўненасць, што любоў мацнейшая за смерць. Езус прыйшоў на гэты свет, каб адкрыць нам паўсюдную Божую любоў. Бог любіць усіх людзей і ад кожнага чакае любові, нягледзячы на нашыя слабасці, характар, умовы жыцця і прафесію. Праз усё, што мы перажываем, што здараецца ў нашым жыцці, праз цярпенні і радасці, праз праблемы і канфлікты, якія маюць месца ў кожную гістарычную эпоху, Бог кліча нас, каб мы выконвалі новую запаведзь любові, якую даў нам Езус Хрыстус, каб насамрэч палюбілі Бога і бліжняга.
8. Як дасягнуць гэтай любові? Бог даў нам карысныя «рэкамендацыі»— 10 запаведзяў. Святы Ян Залатавусны, калі ў яго спыталі, як быць шчаслівым, параіў: «Хочаш быць шчаслівым — не грашы, калі зграшыў — пакайся, не хочаш каяцца — тады будзь гатовы да цярпенняў». Чалавек знойдзе збаўленне толькі пры ўмове, што будзе наследаваць Хрыста, слухаць Яго слова і выконваць яго, імкнуцца яднацца з Езусам праз шчырае пакаянне і навяртанне.
9. Апошнім часам у інтэрнэце веруючая моладзь распаўсюджвае заклік-параду: «Не кажы Богу, што ў цябе вялікая праблема. Скажы сваёй праблеме, што ў цябе вялікі Бог!» Гэта значыць, трэба больш верыць у Божы Провід, у Божае кіраўніцтва і апеку, а не баяцца праблем і выклікаў.
Сваім уваскрасеннем Езус прынёс усім людзям спакой. Евангелле ад святога Яна перадае абяцанне Хрыста: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца» (Ян 14, 27). У гэты ўрачысты дзень зноў гучыць пажаданне Хрыста: Мір вам! Мір людзям ва ўсім свеце! Хрыстус сапраўды ўваскрос і нясе мір усім!
9. Браты і сёстры. На Вялікдзень, па традыцыі, мы складаем адзін аднаму святочныя пажаданні радасных святаў. Жадаю вам, каб вашай штодзённай радасцю быў уваскрослы Хрыстус.
Заклікаю ўсіх нас словамі малітвы Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, каб мы імкнуліся зразумець і цаніць велізарную ласку уваскрасення Хрыста:
«Без уваскрасення перамагло б зло,
без уваскрасення цемра застаецца без світанку,
без уваскрасення смерць перамагае,
без уваскрасення сэнс жыцця застаецца таямніцаю…»
Дарагія браты і сёстры! Жадаю ўсім нам абудзіцца да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце! Няхай радаснае і ўзнёслае «Аллелюя» гучыць у нашых сэрцах.
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі.
Давяраю ўсіх вас Марыі, — Маці ўваскрослага Пана, і благаслаўляю: у Імя Айца,+ і Сына, і Духа Святога. Амэн.
у Імя Айца, † і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 24 сакавіка 2024 г., Пальмовая нядзеля