Пошук

21.03.2024 18:18   Тэкст і фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

З 13 па 15 сакавіка ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага прайшлі рэкалекцыі для супрацоўнікаў Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas у Беларусі.

Віцебск стаў месцам для правядзення рэкалекцый невыпадкова, бо сёлета адзначаецца 25-годдзе з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі — наймалодшай у нашай краіне.

Тэмай рэкалекцый стала ахвярнае служэнне Касцёла патрабуючым, хворым, абяздоленым і пакінутым людзям.

Прыкладам такога служэння была выбрана асоба Папы Францішка, а першы дзень рэкалекцый супаў з 11-й гадавінай з часу яго абрання на пасад святога Пятра.

Духоўныя практыкаванні для супрацоўнікаў Caritas праводзіў ксёндз канонік Валерый Марціноўскі, доктар біблійнай тэалогіі, пробашч Віцебскага катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага.

Разам са сваімі супрацоўнікамі ў рэкалекцыях бралі ўдзел кіраўнікі структурных падраздзяленняў Дабрачыннага каталіцкага таварыства у нашай краіне: дырэктар Caritas-Беларусь ксёндз Андрэй Аніскевіч, дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap, дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Аляксандр Сапель SDS, дырэктар Caritas Пінскай дыяцэзіі ксёндз Чэслаў Ладыка і дырэктар Caritas-Міласэрнасць у Гомелі айцец Леанард Адушкевіч OSPPE.

У заключны дзень духоўных практыкаванняў святую Імшу для ўдзельнікаў цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

У прамоўленай гаміліі іерарх перадусім адзначыў, што хоць ідзе час і мінаюць стагоддзі, але Касцёл застаецца нязменным і нязменнай застаецца яго дабрачынная дзейнасць, бо заўсёды ёсць людзі, якім патрэбна дапамога. Пры гэтым біскуп заўважыў, што дапамога ў забеспячэнні матэрыяльных патрэб дапамагае людзям адкрыцца для духоўнай рэчаіснасці.

«Любоў, якая ў гэтай дзейнасці праяўляецца, яна раскрывае сэрца чалавека на Божую ласку, Божую праўду», — падкрэсліў Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату. Ён дадаў, што дзякуючы гэтаму дабрачыннасць становіцца сведчаннем пра Хрыста ў свеце і выкананнем місіі, даручанай Ім вучням, і гэта справа не чалавечая, а Божая.

Іерарх заўважыў, што дзейнасць Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, што ажыццяўляецца ад імя Касцёла, павінна быць прасякнута Духам Святым, які будзе накіроўваць яго супрацоўнікаў, і для гэтага ім, як і ўсім хрысціянам, неабходна малітва і практыка посту, што ўмацоўвае малітву і прыносіць духоўны плён добрых учынкаў.

На заканчэнне Імшы біскуп Алег Буткевіч удзяліў супрацоўнікам Caritas пастырскае благаслаўленне на далейшую працу і ахвярнае служэнне людзям.

Абноўлена 21.03.2024 18:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.