Пошук

20.03.2024 13:07   Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, тытул якога носіць парафія ў Гарадзеі (Нясвіжскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), мясцовыя вернікі адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Па запрашэнні гарадзейскага пробашча ксяндза Аляксандра Вітко радасць свята з парафіянамі падзяліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх узгадаў складаную гісторыю гарадзейскага касцёла, які быў перабудаваны са стайні і кансэкраваны ў 1925 годзе.

«Гэта вельмі сімвалічна. Як дзве тысячы гадоў таму Езус нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні, таксама і сёння Ён „нараджаецца“ ў былой гарадзейскай стайні на алтары падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Гаворачы пра асобу Апекуна Езуса святога Юзафа, арцыпастыр заўважыў, што Евангелле называе яго «чалавекам справядлівым», гэта значыць тым, хто добрасумленна выконвае свае абавязкі перад Богам і супольнасцю.

«Будучы справядлівым, святы Юзаф заставаўся маўклівым. У Святым Пісанні не знойдзем ніводнага сказанага ім слова. Таму святы Юзаф — гэта святы маўчання, што з’яўляецца вялікім выклікам для людзей ХХІ стагоддзя, якія не ўмеюць і не хочуць слухаць, а бясконца гавораць. Святы Юзаф сваім маўчаннем вучыць нас не марнаваць часу на бессэнсоўныя размовы, а заняцца выкананнем Божай волі», — заўважыў арцыбіскуп, дадаўшы, што толькі ў маўчанні можна пачуць голас Бога.

Іерарх прапанаваў сабраным у гарадзейскім касцёле паразважаць пра «звеставанне» Юзафу, што адбылося ў той момант, калі, поўны сумневаў, ён задаўся пытаннем, што рабіць у сітуацыі з цяжарнай Марыяй, з якой ён не жыў, і Бог праз анёла сказаў яму не баяцца прыняць Яе, бо Яна зачала ад Духа Святога і народзіць Збаўцу.

«Святы Юзаф слухае Бога і ў цішыні свайго сэрца згаджаецца з Яго воляй. Такім чынам ён кажа сваё „так“ Богу.

Гэта і было „звеставанне“ Юзафу. Як згода Марыі з Божай воляй адыграла цэнтральную ролю ў гісторыі збаўлення, таксама і згода Юзафа ў гэтай справе была надзвычай важнай», — сцвердзіў арцыбіскуп. Ён дадаў, што, згаджаючыся з Божай воляй, святы Юзаф стаў узорам чалавека гераічнай веры, які аддае ініцыятыву Богу.

«Як Марыя аддала сваё ўлонне ў распараджэнне Духа Святога, так і Юзаф аддаў у яго распараджэнне свой розум і спосаб бачання спраў», — сказаў заслужаны іерарх. Ён прапанаваў гарадзейскім вернікам паразважаць над тым, як выглядае іх вера, нагадаўшы, што, паводле святога апостала Паўла, вера паходзіць ад слухання.

«Таму нам патрэбна маўчанне Юзафа, яго гатоўнасць выканаць Божую волю. Калі мы, як і ён, адчынім насцеж „дзверы веры“, тады і Бог здзейсніць у нашым жыцці значна больш, чым раней», — сцвердзіў іерарх.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што святы Юзаф працягвае абараняць Касцёл, як некалі абараняў Марыю і Езуса, а таксама сваім заступніцтва спрыяе ў вырашэнні праблем сям’і і адказнага бацькоўства.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа