З 15 па 17 сакавіка ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) праходзілі адмысловыя велікапосныя рэкалекцыі для ўдзельнікаў Альфа-курса.
У духоўных практыкаваннях бралі ўдзел арганізатары і слухачы гэтага евангелізацыйнага курса, які праходзіў у Навагрудку пры парафіі святога Арханёла Міхала і ў Мінску пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.
На рэкалекцыях сабраліся больш за 80 чалавек.
Духоўныя практыкаванні, якія правёў пробашч парафіі ў Навагрудку ксёндз Юрый Жэгарын, былі прысвечаныя асобе Духа Святога і Яго дзеянню сярод свайго народа. Яны сталі пэўным духоўным падсумаваннем у пазнаванні асноваў хрысціянскай веры — керыгмы.
Праграма рэкалекцый прадугледжвала ўдзел у святой Імшы, усяночную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыю з малітвай-просьбай аб напаўненні Духам Святым сэрца кожнага верніка, канферэнцыі пра Духа Святога, малітвы праслаўлення і дзяленне сведчаннямі.