Пошук

06.03.2024 17:24   Паводле: Наталля Храпавіцкая / lepel-kraj.by / Фота: lepel-kraj.by / Catholic.by

У нядзелю 3 сакавіка, напярэдадні ўспаміну святога Казіміра, у Лепелі (Віцебская дыяцэзія) ўрачыста адзначылі парафіяльны адпуст і 420-годдзе з часу заснавання тутэйшай каталіцкай парафіі.

Як адзначаецца на сайце раённай газеты «Лепельскі край» lepel-kraj.by, касцёл святога Казіміра ўзвышаецца над возерам Лепельскае, у самым маляўнічым месцы горада.

Гэтая святыня, па словах мясцовых вернікаў і турыстаў, — сапраўды цуд, у гісторыі якога былі вельмі цяжкія часы, аднак традыцыі і каштоўнасці не страціліся, захаваліся да нашых часоў і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Задоўга да свята лепельскія парафіяне разам са сваім пробашчам ксяндзом Уладзімірам Заянчкоўскім пачалі рыхтавацца да ўрачыстасці: упрыгожвалі святыню, прыбіралі, рыхтавалі падарункі, запрашалі гасцей.

У святочнай Імшы ўзялі ўдзел шматлікія вернікі, а таксама святары, якія ў розныя часы працавалі ў Лепелі і займаліся аднаўленнем святыні.

Падзяліць радасць з парафіяльнай супольнасцю Лепеля прыбыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы. Іерарх заахвоціў прысутных задумацца над тым, што вера і касцёл для нашых продкаў былі вельмі важнай справай.

«Мы павінны разумець, што вера — гэта фундамент жыцця чалавека, без якога няма будучыні. Самае галоўнае, што захавалася хрысціянская вера, якая жыве ў нашых сэрцах, бо самы галоўны храм знаходзіцца ў душы чалавека», — адзначыў біскуп.

З усмешкай на тварах і вялікай радасцю ў вачах вернікі сустракалі ксяндза Андрэя Аніскевіча і ксяндза Яна Пугачова, якія таксама зрабілі важкі ўнёсак у развіццё парафіяльнага жыцця падчас свайго служэння на Лепельшчыне.

Цяперашні пробашч парафіі ксёндз Уладзімір выказаў падзяку ўсім прысутным за ўдзел у парафіяльнай урачыстасці і павіншаваў усіх са святам. Святар з удзячнасцю ўзгадаў усіх, хто служыў у касцёле і прычыніўся да адраджэння парафіяльнай супольнасці. Таксама ксёндз Уладзімір адзначыў, што мы павінны прасіць Пана Бога, каб даў нам сілы быць годнымі нашчадкамі і працягваць пісаць гісторыю гэтага месца.

Віншавальныя словы парафіянам выказаў старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. Прадстаўнік мясцовай улады павіншаваў усіх прысутных з круглай датай і адзначыў, што парафіянам пашанцавала на святароў, якія неслі служэнне ў іх супольнасці.

«Дзякуй вам за тое, што нястомна працуеце над адраджэннем духоўных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Вялізная праца некалькіх пакаленняў святароў і вернікаў укладзена ў тое, каб касцёл пасля заняпаду стаў сапраўднай жамчужынай Лепельскага краю. Я жадаю каталіцкай парафіі святога Казіміра доўгіх гадоў жыцця, святарам і парафіянам — здароўя, шчасця і ласкі, а ўсім жыхарам і гасцям Лепеля атрымліваць асалоду ад прыгажосці і велічы гэтага велічнага храма, пазнаваць яго гісторыю і культуру, берагчы яго і любіць», — адзначыў Міхаіл Кісялевіч.

Адным з самых прыгожых і сімвалічных момантаў урачыстасці стала пасвячэнне біскупам Буткевічам рэлікварыя з рэліквіямі святых і абраза Апошняй вячэры, якія былі ўсталяваны перад святам.

У драўляным рэлікварыі пачэснае месца занялі рэліквіі Святога Крыжа, святога Казіміра, святога Зыгмунта Шчэнснага-Фэлінскага, благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, благаслаўлёнага Стефана Вінцэнта Фрэліхоўскага, кавалачак тканіны габіта святой Фаўстыны.

Да свята ў касцёле з’явіўся абраз Апошняй вячэры. Гэта копія славутага твора Леанарда да Вінчы, створаная лепельскім мастаком-прафесіяналам Аляксандрам Саўчанкам. Мастак працаваў над абаразом на працягу паўгода. Аляксандра Саўчанку ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Акрамя таго, ён удзельнік шматлікіх міжнародных і рэгіянальных выстаў, адзін з арганізатараў раённай выставы «Фарбы Лепельшчыны», удзельнік пленэра імя І.Ф. Хруцкага ў Лепельскім раёне, «Лепельскія краязнаўцы» і іншых.

Прыгожую рамку да абраза, а таксама рэлікварый вырабіў лепяльчанін-бізнесмэн Андрэй Докіш.

Да 420-й гадавіны з часу занавання парафіі ў касцёле з’явіўся міні-музей, у якім сабраныя старадаўнія малітоўнікі, абразы, адзенне святароў розных перыядаў і многае іншае, што калісьці служыла на хвалу Богу. Цяпер гэтыя рэчы занялі пачэснае месца ў святыні. Музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, якія сведчаць пра глыбокую традыцыю веры мясцовых жыхароў. Такім чынам, дзякуючы парафіянам у касцёле з’явіліся ўнікальныя прадметы, і гэта вялікая духоўная каштоўнасць для Лепельшчыны.

 

Абноўлена 06.03.2024 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.