Пошук

07.04.2017 00:00  

Аліна Ганчыц, удзельніца Душпастырства моладзі OPEN Гродзенскай дыяцэзіі, з 28 па 31 сакавіка прымала ўдзел у сімпозіуме на тэму моладзі, прымеркаваным да Сінода Біскупаў-2018.

Форум, які прайшоў у Барселоне, арганізоўвала Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (РБКЕ), епіскапат Іспаніі і архідыяцэзія Барселоны.

Пра што ішла гаворка на форуме?

У праграме сімпозіума — разважанні, абмеркаванні і дыскусіі на тэмы, якія датычаць моладзі ў сучасным свеце.
У сустрэчы прымалі ўдзел 275 чалавек — прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый з усёй Еўропы, якія катэхізуюць і вядуць душпастырскую працу са школьнікамі і студэнтамі. У ліку ўдзельнікаў было 32 біскупа і чатыры кардыналы.

Папа Францішак скіраваў на імя арцыбіскупа Барселоны ліст, у якім заклікаў удзельнікаў «весці разважанні па праблеме евангелізацыі і суправаджэнні маладых людзей так, каб праз дыялог і сустрэчу моладзь была ўпэўненым носьбітам радасці Евангелля ва ўсіх сферах іх жыцця».

Віцэ-прэзідэнт Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы Вінцэнт Нікалс нагадаў, што Еўропа — гэта не толькі Еўрапейскі саюз, але і краіны Усходу.

«РБКЕ уключае ў сябе ўсе краіны кантынената і важна памятаць, асабліва большасці маладым еўрапейцам, што вопыт жыцця ў Еўропе нялёгкі — мы павіны будаваць жыццё на моцнай скале, якой павінна быць асоба Хрыста і Яго пасланне».

Сведчанні ўдзельнікаў

Важнай падзеяй форуму сталі сведчанні маладых удзельнікаў сімпозіуму.

Маладая албанка Ёна Драчыні перайшла ў хрысціянства з ісламу: «Я ўпэўнена, што Езус Хрыстус прыняў кожнае чалавечае сэрца, тых, хто жыў у мінулым, тых, хто жыве сёння, і тых, хто будзе жыць у будучыні».

Дзяўчына вучылася ў каталіцкай школе, якой апекаваліся каталіцкія манахіні, якія прынялі дзяўчыну вельмі цёпла. Пасля заканчэння школы дзяўчына адышла ад Бога і перастала маліцца. Аднак праз некаторы час яна зноў наведала тых сясцёр...

«Я зноў пачала маліцца і чытаць Евангелле. Я пачала адчуваць радасць у душы. А пасля я прыняла хрост. Любоў можа быць збаўчай — прыклад Езуса гэта пацвярджае».

Семінарыст Матэ з Венгрыі належыць да Грэка-Каталіцкага Царквы. І ў сваім выступленні ён падкрэсліў важнасць таго, як важна слухаць голас моладзі ў Касцёле: «Не верце, калі моладзь кажа, што стамілася, што ёй усё надакучыла. У нас заўсёды ёсць сілы. Зрабіце так, каб нашы сэрцы гарэлі, як сэрцы вучняў, калі Езус ішоў з імі ў Эмаўс».

20-гадовая Шарлота з Іспаніі — чацвёртае дзіця ў сям’і. Яна вучылася ў добрай школе ў Англіі, аднак, калі вярнулася, то пабачыла, што старэйшы брат не начуе дома, ужывае наркотыкі. А ў маці пачалася дэпрэсія і яна пачала выпіваць. У выніку дзяўчына таксама пачала гуляць і піць.

Сям’я вырашыла перавесці яе ў іншую школу — каталіцкую.
Там ёй нехта параіў паспавядацца. Але яна адказала: «Я? Я павінна прасіць прабачэння ў Бога? Як Бог можа быць Любоўю, калі такое адбылося ў сям’і?»
Але праз нейкі час ёй прапанавалі ўдзельнічаць у Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе і яна згадзілася, не ўсведамляючы, што гэта такое.

Але якраз СДМ змянілі яе жыццё: падчас Крыжовага шляху дзяўчына зразумела: Езус пакутаваў! Гэта быў пераломны момант у яе светаўспрыманні — яна пагутарыла са святаром, прыступіла да споведзі. Жыццё набыло сэнс.

«Навучыцеся прабачаць, каб быць прабачанымі, навучыцеся любіць, каб быць любімымі... Спрабуйце не змяняць сэрцы моладзі, спрабуйце прытуліць іх сэрцы, поўныя цярпення, болю і страху...».

Падчас сімпозіума закраналіся тэмы евангелізацыі. Адным з важных элементаў абмену вопытам і ідэямі, прысвечанымі працы з моладдзю, сталі прэзентацыі прадстаўнікамі епіскапатаў праектаў і метадаў душпастырскай працы.

Кардынал Ларэнца Бальдыссеры, сакратар Сіноду Біскупаў распавёў пра змест падрыхтоўчага дакумента на Сінод па пытаннях моладзі і паклікання, які пройдзе ў кастрычніку 2018 года.

Іерарх заклікаў прысвяціць час да Сінода сумеснай падрыхтоўцы, каб кожны мог выразіць сваю думку, каб менавіта моладзь выказала сваю думку на тэмы, вызначаныя ў прэсінадальным дакуменце. З гэтай мэтай будзе створана вэб-старонка, прысвечаная моладзі, з анкетай па будучым Сінодзе.

(AGr)
фота сакратарыяту РБКЕ


Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 03.03.2018 15:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.