Пошук

29.02.2024 09:56   Паводле: Міхаіл Бука / Catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

У суботу 24 лютага ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія) адбылася сустрэча для мужчын-католікаў, якая сабрала каля двух дзясяткаў удзельнікаў з розных мясцін дыяцэзіі.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, арганізатар сустрэчы айцец Віктар Мялешка OFMConv пазнаёміў прысутных з Кодэксам і дзейнасцю міжнароднага мужчынскага руху «Ваяры Марыі».

Гэта Марыйны рух мужчын, заснаваны ксяндзом Дамінікам Хмялеўскім, салезіянінам, які дзейнічае ў Каталіцкім Касцёле.

Рух узнік як адказ Касцёла, які моліцца, на сучасныя выклікі, што стаяць перад супольнасцю вернікаў і ўсім светам. Яго мэта — фармаваць мужчын, якія, згодна з пакліканнем, атрыманым ад Бога, на прыкладзе Беззаганнай Марыі вучаццца быць вернымі сведкамі Хрыста, а праз заступніцтва святога Юзафа імкнуцца быць добрымі мужамі і бацькамі, выконваючы сваю місію ў Касцёле і ў грамадстве.

Сустрэча распачалася з разважання Балесных таямніц святога Ружанца.

Сабраныя ў Глыбокім мужчыны зноў і зноў прамаўлялі «Вітай Марыя», перабіраючы пацеркі сваіх ружанцаў.

У прамоўленай канферэнцыі айцец Віктар прапанаваў удзельнікам паразважаць над шэрагам важных пытанняў: ці гатовы мужчына змагацца за сваю сям’ю? ці гатовы змагацца з уласным грахом?..

Найбольш дзейснымі сродкамі ў гэтым змаганні, паводле святара, могуць стаць святы Ружанец, сакрамант паяднання (рэгулярная споведзь) і Эўхарыстыя.

Апоўдні распачалася святая Імша, перад якой ахвотныя мелі магчымасць прыступіць да споведзі.

Падсілкаваўшыся абедам, удзельнікі працавалі ў групах. Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і бласлаўленнем завяршылася першая фармацыйная сустрэча мужчын у Глыбокім, якая, паводле сведчання ўдзельнікаў, прынесла ім «мора пазітыву» і шмат цікавай інфармацыі.

 

Абноўлена 29.02.2024 22:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця