Пошук

13.02.2024 12:09   Catholic.by

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана ў 1999 годзе. Устаноўчы сход адбыўся 11 лютага 1999 года.

Першым Старшынёй Канферэнцыі быў абраны святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Сёння ў яе склад уваходзяць восем іерархаў.

Канферэнцыя біскупаў — пастаянны орган, які аб’ядноўвае ўсіх каталіцкіх біскупаў у пэўнай краіне ці на вызначанай тэрыторыі.

Мэта канферэнцыі — каардынаванне дзейнасці біскупаў краіны ці рэгіёна і сумеснае вырашэнне праблем, актуальных для Каталіцкага Касцёла на дадзенай тэрыторыі.

Паводле Кодэкса кананічнага права, «Канферэнцыя Біскупаў, будучы пастаянным інстытутам, з’яўляецца сходам біскупаў якой-небудзь краіны або акрэсленай тэрыторыі, якія сумесна ажыццяўляюць пастырскае заданне ў адносінах да вернікаў, якія пражываюць на яе тэрыторыі, з мэтай большага садзейнічання дабру, якое Касцёл нясе людзям, асабліва праз розныя формы і спосабы апостальства, дастасаваныя да абставінаў месца і часу, згодна з нормамі права» (кан. 447).

Да Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адносяцца наступныя ўстановы: Пленарны сход, Пастаянная рада, генеральны сакратарыят, Біскупскія камісіі, Рады, Камітэты і Афіцыі, утвораныя паводле нормы Кодэкса кананічнага права.

Пастаянная рада складаецца са Старшыні, яго Намесніка і Генеральнага сакратара.

З 2021 года Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з’яўляецца біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Віцэ-старшынёй — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, а Генеральным сакратаром — дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Пры беларускім каталіцкім епіскапаце дзейнічаюць наступныя Камісіі: Камiсiя па справах фармацыi семiнарыстаў i святароў, Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Камісія па справах духавенства, Камісія па справах агульнага пастырства, Камісія па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы, Камісія па справах абароны малалетніх, а таксама Рады па справах кантактаў з дзяржавай, па справах сям’і, па сродках масавай камунікацыі, па справах экуменізму, па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў, па справах міграцыі, турызму і пілігрымак, па справах цвярозасці, па справах аховы культурнай спадчыны і асяроддзя, па справах дабрачыннасці, справядлівасці і міру.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі рэгулярна збіраецца на пасяджэнні, на якіх абмяркоўваюцца важныя пытанні жыцця Касцёла ў нашай краіне.

Абноўлена 13.02.2024 12:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.