Паведамленне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на нядзелю Святой Сям’і
31 снежня 2023 г.
«Усе мы павінны несці нашаму бліжняму паслугу любові, баронячы яго жыццё і заўсёды падтрымліваючы яго, асабліва тады, калі яно слабое альбо знаходзіцца ў небяспецы. Мы павінны клапаціцца пра яго не толькі паасобку, але таксама супольна, закладаючы ў падмурак новага грамадства безумоўную павагу да чалавечага жыцця».
(Ян Павел ІІ. Evangelium vitae, 77)
Духавенству, кансэкраваным асобам, вернікам Касцёла і людзям добрай волі
У чарговы раз Божы Провід дазваляе нам адзначаць свята Святой Сям’і. Гэтае сённяшняе свята скіроўвае нашыя думкі і сэрцы да таго месца, дзе Пан Езус разам з Марыяй і Юзафам правёў гады свайго дзяцінства і юнацтва, а менавіта — да дома ў Назарэце. У гэтым доме развіваліся сямейныя адносіны паміж Езусам, Марыяй і Юзафам; тут Пан Езус адчуў сямейную цеплыню, узрастаў у мудрасці, якой вучыўся ад бацькоў, і такім чынам пазнаваў Бога і людзей.
Сённяшняе свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, з’яўляецца нагодай, каб падзякаваць Богу за ўсіх, хто абвяшчае Евангелле жыцця. Трэба належным чынам ацаніць усялякія дзеянні рухаў і асоб добрай волі, якія прагнуць забяспечыць абарону жыцця кожнага дзіцяці.
Сярод шматлікіх ініцыятыў у справе святасці жыцця асаблівае месца займае «Духоўнае ўсынаўленне», вельмі распаўсюджанае ў нашым Касцёле.
Тут маем на ўвазе ўсіх тых, хто праз штодзённую малітву на працягу дзевяці месяцаў ахвяраваў свой час у інтэнцыі жыцця дзіцяці, якое пад сэрцам маці знаходзіцца пад пагрозай. Ніхто не зможа палічыць, колькі тысяч, а можа, і мільёнаў чалавечых істот выратавала ваша малітва.
Пасля дзевяці месяцаў малітвы і іншых ахвяраў шматлікіх хрысціянаў у Беларусі, якія ахвотна прынялі на сябе высілак «Духоўнага ўсынаўлення», жадаем выказаць нашу глыбокую пашану і падзяку кожнаму ўдзельніку гэтай вялікай малітвы. Так шмат з вас, нягледзячы на перашкоды і іншыя абавязкі, рашуча выступілі ў абарону жыцця.
Няхай Новы год прынясе новыя сілы хрысціянскім сем’ям для адлюстравання прыкладу ўнутранага адзінства, любові і малітвы, якім з’яўляецца Святая Сям’я.
Вера ў нараджэнне Езуса Хрыста няхай учыніць вас здольнымі рэалізоўваць важнае служэнне па абароне жыцця чалавечай асобы.
Няхай ва ўсіх гэтых намаганнях і ініцыятывах спадарожнічае вам нашае пастырскае благаслаўленне, якое вам ад усяго сэрца ўдзяляем.
Каталіцкія біскупы Беларусі