Пошук

14.12.2023 09:35   Тэкст: Ганна Якімовіч / Фота: з архіву Caritas / Catholic.by

12 снежня ў Дзіцячым дабрачынным сацыяльна-рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў вёсцы Ляскоўка, што пад Мінскам, адбылася традыцыйная перадкалядная сустрэча супрацоўнікаў Дабрачынннага каталіцкага таварыства Caritas Беларусь, у якой узялі ўдзел іерархі.

Калядная сустрэча ўжо стала добрай традыцыяй у жыцці Caritas: яна дае магчымасць сабрацца разам, успомніць добрыя сумесныя моманты за пражыты год, падзяліцца сваімі дасягненнямі і, дзелячыся аплаткай, павіншаваць адзін аднаго з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і Новага года.

Як заўсёды, сустрэча распачалася супольнай святой Імшой за ўсіх супрацоўнікаў, валанцёраў, ахвярадаўцаў і партнёраў Caritas. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім Імшу цэлебравалі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыячцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, а таксама прысутныя святары.

«Як кажа Папа Фрацішак, у супрацоўнікаў Caritas Евангелле „на далоні“. Нашу сустрэчу мы распачынаем з сустрэчы з Езусам Хрыстом, дзякуючы якому мы маем магчымасць быць прыладамі ў Яго далонях, у Яго паслузе. Той, хто сустрэў Езуса, інакш не можа: толькі дзяліцца і толькі дапамагаць», — падкрэсліў у прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля святой Імшы, па традыцыі, дырэктар Caritas Беларусь ксёндз канонік Андрэй Аніскевіч пазнаёміў прысутных з праведзенай за мінулы год рэлігійнай місіяй дзейнасцю, а таксама выказаў удзячнасць усім супрацоўнікам, дыяцэзіяльным і парафіяльным Caritas, партнёрам, ахвярадаўцам і валанцёрам за плённую працу на працягу года.

Падчас благаслаўлення аплатак біскуп Касабуцкі выказаў падзяку супрацоўнікам Caritas за працу. «Як адна аплатка, гэта можна сімвалічна назваць, маленькі кавалачак хлеба, які уключае у сябе мільёны крупінак мукі, якія злучаюцца ў адно, так і тая праца, якую вы робіце. Гэта безліч добрых учынкаў. Штосьці мы ўбачылі і пачулі сёння, але большасць гэтых учынкаў застаюцца схаванымі: гэта той вялікі акіян добрых спраў, якія робяць чалавека лепшым, якія дазваляюць чалавеку адчуць дотык Езуса ў яго жыцці.

Дзякую ўсім вам за тую працу. Няхай дзяленне аплаткай будзе дзяленнем тымі добрымі ўчынкамі, дзяленнем любоўю, Божай „іскрынкай“, якая ёсць у кожным з нас. Калі мы разам, мы сапраўды можам шмат», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Абноўлена 14.12.2023 11:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця