10 снежня, у другую нядзелю Адвэнту, спісы найбольш шанаваных цудадзейных абразоў Маці Божай прыбылі ў парафію Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Захад).
Двума тыднямі раней іконы знаходзіліся ў парафіі Маці Божай Ржанцовай і святога Дамініка ў Ракаве (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат).
Парафія ў Заслаўі стала 92-м месцам з моманту пачатку перэгрынацыі цудадзейных абразоў па парафіях нашай краіны і замежжа.
Сустрэча адбылася перад ранішняй нядзельнай Імшой. Заслаўскія вернікі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом канонікам Антоніем Клімантовічам працэсійна ўнеслі 17 абразоў Багародзіцы ў сваю святыню.
«Мы радуемся таму, што можам праз заступніцтва Маці Божай падзякаваць за той вялікі цуд Уцелаўлення і Нараджэнне Божага Сына, які прыйшоў, каб нас збавіць.
Маці Божая аб’яўляецца ў розных месцах дзеля таго, каб яшчэ раз сказаць нам, што Бог любіць чалавека», — адзначыў заслаўскі душпастыр, вітаючы абразы і сабраных вернікаў.
Дарэчы, у Заслаўі таксама адбываецца парафіяльная пэрэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай, якую вернікі прыносяць да сябе дадому, каб маліцца разам са сваімі сем’ямі на працягу тыдня, пасля чаго Марыя кіруецца ў іншую сям’ю.
У Заслаўі абразы для ўшанавання вернікамі будуць знаходзіцца да 17 снежня. На працягу гэтага тыдня касцёл будзе адчынены для ўсіх ахвотных памаліцца праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі перад Яе цудадзейнымі выявамі.