
29 лістапада ў Гродне адбылося ўрачыстае мерапрыемства ў гонар 230-годдзя з часу заснавання евангелічна-лютэранскай супольнасці і 30-годдзя яе сучаснай гісторыіі.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча прайшла ў кірсе святога Яна — адзінай дзеючай лютэранскай святыні Беларусі.
Прадстаўніком Касцёла на мерапрыемстве выступіў ксёндз Алег Пятрашка, дырэктар дыяцэзіяльнай Рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі.
У святкаванні ўзяў удзел таксама прадстаўнік Беларускай Правалаўнай Царквы.

Святар перадаў ад імя біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча віншаванні з нагоды юбілейных урачыстасцяў.
Гасцей мерапрыемства прывітаў пастар Уладзімір Татарнікаў, які падзякаваў усім прысутным за ўнёсак у развіццё лютэранскай супольнасці ў Гродне. Пастар падкрэсліў, што кірха святога Яна стала не толькі значным культурна-гістарычным пунктам на мапе горада, але і цэнтрам беларускага лютэранства.

Урачыстасць з нагоды круглых гадавін упрыгожыў канцэрт арганнай музыкі ў выкананні артыстаў Гродзенскай капэлы. У праграме прагучалі творы Баха, Гендэля, Лучанка і Цымера.