Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара cусвету, якая сёлета адзначалася 26 лістапада, у Касцёле на Беларусі традыцыйна адбываецца збор ахвяраванняў на Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.
Як паведамляецца на старонцы Дэканат Іўе ў сацыяльнай сетцы Вк, напярэдадні ўрачыстасці семінарысты скіраваліся ў розныя парафіі нашай краіны, каб даць сведчанне сваёй веры і паклікання, а таксама каб выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім тым, хто аказвае дапамогу ў справе выхавання будучых святароў у нашай краіне: святарам, кансэкраваным асобам, а таксама шматлікім вернікам.
У парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) прыезд семінарыстаў стаў таксама нагодай, каб парафіяльная моладзь змагла сустрэцца з будучымі святарамі і пачуць гісторыю іх паклікання, задаць пытанні і бліжэй пазнаёміцца адзін з адным.