Пошук

24.11.2023 13:44   Catholic.by
Цудадзейны абраз святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса ў фарным касцёле ў Лідзе

Сёлета адзначаецца 150-годдзе з часу нараджэння святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча, панны і Доктара Касцёла, Апякункі каталіцкай місіі.

З нагоды юбілею 15 кастрычніка была апублікавана Апостальскага адгартацыя Папы Францішка пад назвай на французскай мове C’est la сonfianсe — «Гэта давер». «Гэта давер і нічога, акрамя даверу, мае весці нас да Любові», — менавіта гэтыя словы, што былі напісаны ў верасні 1896 года святой Тэрэзай ад Дзіцятка Езуса, натхнілі назву Апостальскай адгартацыі, якую Папа Францішак прысвяціў Маленькай Тэрэзе з Лізьё.

«Праз паўтара стагоддзя пасля свайго нараджэння Тэрэзка жывая, як ніколі раней, сярод пілігрымуючага Касцёла, у сэрцы Божага народу. Яна пілігрымуе з намі і робіць дабро на зямлі, спаўняючы сваю мару.

Найпрыгажэйшым знакам яе духоўнай жыццёвай сілы з’яўляецца незлічоныя «ружы»: ласкі, якія дае Бог праз яе поўнае любові заступніцтва, каб падтрымаць нас на дарозе жыцця», — напісаў Святы Айцец у адгартацыі, пераклад якой на беларускую мову быў здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Афіцыйная прэзентацыя дакументу адбудзецца ў суботу 25 лістапада ў парафіяльным касцёле святога Андрэя, апостала, у Нарачы, дзе нясуць служэнне кармэліты босыя, пасля святой Імшы а 12-й гадзіне. Беларускім вернікам адгартацыю прадставіць Генеральны настаяцель Ордэна кармэлітаў босых айцец Мігель Кале OCD у межах свайго візіту ў нашу краіну.

Напрыканцы адгартацыі Папа Францішак змясціў складзеную ім кароткую малітву праз заступніцтва святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, якой можна маліцца кожны дзень.

Малітва

Дарагая святая Тэрэзка,
Касцёл павінен ззяць
колерам, водарам, радасцю Евангелля.
Спашлі нам свае ружы!
Дапамажы заўсёды давяраць, як ты,
бязмернай любові, якую Бог да нас мае,
каб мы маглі ісці штодня
тваёй малой дарогай святасці.
Амэн.

Абноўлена 24.11.2023 13:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця