12 лістапада ў касцёле святога Айца Піо ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) абяцанні жыцця паводле Евангельскіх парад далі сёстры з Францішканскага Ордэна Свецкіх (Трэці ордэн святога Францішка).
Як паведамляецца на парафіяльным сайце Pio.by, у прысутнасці настаяцельніцы сястры Ірэны Руткоўскай вечныя абяцанні дала сястра Кацярына Савянок, а сястра Вольга Батура аднавіла свае абяцанні яшчэ на адзін год.
Пасля прачытання ўрыўка з Евангелля брат Уладзіслаў Мінько OFMCap, асістэнт мясцовага Францішканскага Ордэна Свецкіх, падкрэсліў, што ўсе хрысціяне, асабліва свецкія францішкане, абавязаны чытаць слова Божае, пераходзячы «ад жыцця да Евангелля і ад Евангелля да жыцця».
Брат распавёў, што пастаяннае чытанне Божага слова павінна прыводзіць да ўвядзення біблейскіх ісцін у сваё жыццё, а гэта і ёсць таямніца і ключ да святасці і шчасця.
Пасля гаміліі распачаўся акт аднаўлення абяцанняў.
Настаяцельніца спыталася ў кандыдатак, аб чым яны хочуць прасіць Бога і Касцёл. Сёстры адказалі, што жадаюць аднавіць свае абяцанні, якія будуць рэалізоўваць у супольнасці Ордэна свецкіх святога Францішка.
Брат Уладзіслаў заахвоціў прысутных вернікаў да малітвы ў інтэнцыі новых пакліканняў да францішканскіх супольнасцяў: Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, Францішканскага ордэна свецкіх, Францішканскай моладзі Тау.