Пошук

15.11.2023 11:52   Паводле: Грэка-каталікі (уніяты) Беларусі / Вк / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

15 лістапада католікі Візантыйскага абраду ў Беларусі распачынаюць Перадкалядны пост, які ў народзе мае назву «Піліпаўскага», або «Піліпаўка».

Як адзначаецца на старонцы Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы ў сацяльнай сетцы Вк, з даўніх часоў свята Нараджэння Хрыстова стаяла ў адным шэрагу са святам Хрыстова Уваскрасення — Пасхі. Таму і Царкоўны статут разглядае Нараджэнне Хрыстова як «другую Пасху». У старых тыпіках і богаслужбовых псалтырах пад 25 снежня ёсць запіс: «Пасха, свята трохдзённае». Таму такім жа чынам, як вернікі малітвай і постам рыхтаваліся да свята Вялікадня, так і перадкалядны пост стаў для іх часам падрыхтоўкі да прыйсця Збаўцы.

Сімяон Салунскі кажа: «Гэты саракадзённы пост падобны да посту Майсея, які пасціўся сорак дзён і ночаў і прыняў табліцы Божых Запаведзяў. Будзем жа і мы пасціцца сорак дзён і прымем жывое Божае Слова, якое ўцелавілася з Дзевы <…>».

Перадкалядны пост стаў для Царквы таксама сімвалам малітваў і пастоў старазапаветных патрыярхаў і прарокаў, якія чакалі прыйсця Месіі. У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве існуе старадаўняя традыцыя, паводле якой вернікі рыхтуюцца да свята Божага Нараджэння не толькі малітвай і постам, але і святымі сакрамэнтамі споведзі і Эўхарыстыі.

Святы Язафат у сваіх «Правілах для святароў» раіць заахвочваць вернікаў да споведзі падчас Піліпаўкі. Замойскі сінод, які адбыўся ў 1720 годзе, заахвочваў спавядацца не радзей трох разоў на год: на Вялікдзень, Успенне Багародзіцы (Унебаўзяцце) і Нараджэнне Хрыстова.

У наш час Касцёл змякчыў вельмі строгія пасты, якія былі раней, і пакінуў іх, хутчэй, на волю вернікаў. Але гэта не значыць, што вернікі не павінны практыкаваць дух ахвярнасці, пакаяння і посту.

«Няхай любоў Хрыста Пана, дабро нашай душы і любоў да нашай святой традыцыі будуць для нас галоўнымі пабуджальнікамі, каб мы рыхтавалі сваё сэрца і душу да сустрэчы свята Божага Нараджэння малітвай, постам і святымі сакрамэнтамі.

Будзем свядомымі, што праз шчырую і дбайную духоўную падрыхтоўку нашае сэрца стане годным таго, каб у ім нарадзіўся Езус Хрыстус са сваёй ласкай, любоўю і супакоем», — выказваецца пажаданне на старонцы Грэка-Каталіцкай Царквы.

Абноўлена 15.11.2023 11:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа