12 лістапада ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата ў Сапоцкіне (Гродзенская дыяцэзія) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар нябеснага апекуна мясцовай парафіі.
Калі 12 лістапада 1623 годзе арцыбіскуп Полацкі Язафат Кунцэвіч праз прынятую смерць нарадзіўся для Неба, супольнасць святых узбагацілася яшчэ адным мучанікам, які праліў сваю кроў у абарону веры і праўды, вернасці Святому Айцу і адзінству Каталіцкага Касцёла.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, цэлебрацыю Эўхарыстыю ў Сапоцкіне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Пробашч парафіі ксёндз Антоній Абухоўскі, дэкан Сапоцкінскага дэканату, прывітаў усіх прысутных.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Язафат Кунцэвіч прысвяціў усё сваё жыццё справе адзінства Касцёла і прыняў мучаніцкую смерць у абарону гэтай справы.
«Мы бачым, наколькі глыбокія, балючыя і цяжкія для пераадолення падзелы паміж людзьмі»,
— падкрэсліў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.
«Не толькі хрысціянскія канфесіі падзелены», — адзначыў біскуп. Па яго словах, кожны чалавек усведамляе, як часта не хапае адзінства ў сем’ях, парафіях, розных супольнасцях і ўсім грамадстве.
«Папросім сёння святога Язафата, нашага вялікага Апекуна, каб вымаліў у Пана Бога дар адзінства паўсюль, дзе ён найбольш патрэбны»,
— прамовіў біскуп.
Іерарх заахвоціў усіх прысутных часта звяртацца да Бога праз заступніцтва святога Язафата з просьбай аб ласцы сапраўднай любові да бліжняга, узаемаразумення і павагі, пераадолення ўласнай пыхі і эгаізму, а таксама пошуку таго, што злучае людзей, а не падзяляе.
«Няхай згода і ўзаемная любоў паселяцца ў нашых дамах, месцах вучобы і працы; паўсюль, дзе на шляху жыцця сустракаем іншага чалавека, каб мы заўсёды бачылі ў ім свайго сябра і брата», — падсумаваў біскуп.
Адпустовая ўрачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні.