Пошук

03.11.2023 14:01   Тэкст: Яўгенія Найдовіч, Аляксандра Шпілеўская / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

31 кастрычніка ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адзначыла свой дзень народзінаў рэдакцыя беларускага «Радыё Марыя».

Урачыстая святая Імша адбылася з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Юрыя Касабуцкага, Апостальскага адміністратара для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, дырэктара «Радыё Марыя» ксяндза Аляксандра Фаміных, а таксама святароў, якія сабраліся ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы з розных парафій.

Дырэктар «Радыё Марыя» кс. Аляксандр Фаміных

Каб памаліцца ў інтэнцыі развіцця радыё ў галоўнай святыні сталіцы сабраліся шматлікія госці, валанцёры, слухачы і супрацоўнікі на чале з дырэктарам «Радыё Марыя» з боку свецкіх Яўгеніяй Найдовіч.

Пасля Імшы для прысутных выступіў хор Transitus з мінскай парафіі святога Францішка Асізскага, а потым усе былі запрошаныя на працяг канцэрту і пачастунак у дольны касцёл. Святкаванне было напоўнена цеплынёю сэрцаў, якія цешыліся сустрэчай.

Сабраных радавалі сваімі выступамі калектывы Ubi Caritas, Verbum Dei, дзіцячы гурт «Міхаэлькі». Спецыяльны музычны падарунак падрыхтаваў гусляр Алесь Чумакоў. Да таленавітых гасцей потым далучылі і самі супрацоўнікі радыё.

Ужо сем гадоў вернікі слухаюць і глядзяць на YouTube-канале «Радыё Марыя» трансляцыі святых Імшаў, малітоўныя праграмы, катэхезы, інтрэв’ю са святарамі і манаскімі асобамі, навіны з жыцця Касцёла на Беларусі і ва ўсім свеце, а таксама перадачы пра гісторыю, культуру, псіхалогію, фінансы і іншае.

Эфір аздоблены хрысціянскай музыкай, і, што асабліва важна, спевамі беларускіх рэлігійных музычных калектываў, якія амаль немагчыма пачуць на хвалях свецкіх радыёстанцый.

Падчас святкавання рэдакцыя ўзгадвала ўсіх супрацоўнікаў і валанцёраў, якія за гады існавання радыё рабілі свой унёсак у яго развіццё.

Цяперашні дырэктар Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас быў першым кіраўніком «Радыё Марыя». Разам з калегамі ён на працягу двух гадоў з нуля закладаў тэхнічную базу, якой дагэтуль карыстаецца рэдакцыя.

Калектыў «Радыё Марыя» таксама дзякаваў усім, хто дагэтуль прычыняецца да ўтрымання эфіру: валанцёрам, ахвярадаўцам і актыўным случахам.

Кожны панядзелак а 9-й гадзіне на чале з дырэктарам ксяндзом Аляксандрам Фаміных за іх у прамым эфіры моляцца супрацоўнікі радыё.

Даведка

«Радыё Марыя» — міжнародная сям’я хрысціянскіх асветніцкіх радыёстанцый. Першапачаткова ў 1982 годзе ў Італіі была створана парафіяльная радыёстанцыя, мэтай якой было паведамленне навін парафіянам і дапамога ім у штодзённай малітве праз служэнне Літургіі і арганізацыю супольных малітоўных праграм. Менавіта з таго часу радыё пачало пашыраць сваю дзейнасць, і ўжо ў 1990 годзе трансляцыя «Радыё Марыя» пачалася і ў іншых краінах.

З 1 лістапада 2016 года «Радыё Марыя» працуе таксама ў Беларусі.

Слухаць і глядзець праграмы можна ў інтэрнэце на сайце radiomaria.by, праз мабільны дадатак. Таксама некаторыя праграмы выходзяць на YouTube-канале. Вяшчанне вядзецца штодзённа 24 гадзіны ў суткі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа