28 кастрычніка, у літургічнае свята святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша, свае імяніны адзначыў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
З нагоды імянінаў заслужанага іерарха ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася ўрачыстая святая Імша, у якой узялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і вернікі. Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне сваёй прысутнасцю і супольнай малітвай выказаў блізкасць Святога Айца да Касцёла ў Беларусі, яго іерархіі і ўсіх вернікаў.
Узначаліў цэлебрацыю сам імяніннік.
На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў прысутных прасіць заступніцтва святога Юды Тадэвуша ў вырашэнні складаных праблем, з якімі сутыкаецца Касцёл, грамадства і свет, а таксама аб хутчэйшым аднаўленні набажэнстваў у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску, дзе ўжо другі год запар няма святой Імшы ў дзень патранальнай урачыстасці.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Станеўскі, які нагадаў удзельнікам святой Імшы святарскі і біскупскі шлях свайго папярэдніка, падкрэсліўшы яго вялікі ўнёсак у справу адраджэння Касцёла ў Беларусі і Расіі. Наступнік заслужанага іерарха на Мінска-Магілёўскай катэдры пажадаў яму «надалей заставаццам актыўным і не старэць».
У слове на заканчэнне Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў вернікаў у наш складаны час з руплівасцю святога Сымона маліцца, просячы заступніцтва святога Юды Тадэвуша ў вырашэнні па-чалавечы безнадзейных і немагчымых спраў, а таксама заахвоціў духоўна ўдасканальвацца з мэтай дасягнуць Божага Валадарства.
Прысутныя святары і вернікі павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з імянінамі і пажадалі яму Божага благаслаўлення, дароў Святога Духа і здароўя.