Пошук

24.10.2023 12:00   Тэкст: Аляксандра Шпілеўская / Фота: з асабістага архіву кс. Францішка Рудзя / Catholic.by

У межах Тыдня бацькоўскай любові, які праходзіць у Беларусі з 14 па 21 кастрычніка, касцёл Маці Божай Будслаўскай у Мінску наведалі вучні шасці старэйшых класаў школ Фрунзенскага раёна сталіцы.

Гутарку з дзецьмі правёў пробашч гэтай маладой мінскай парафіі ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Гаворка падчас сустрэчы вялася на тэму сям’і, павагі і пашаны да бацькоў, а таксама пра важнасць вывучэння гісторыі і культуры сваёй краіны.

Падчас дыялогу святара з вучнямі асаблівая ўвага была звернута на праблемы духоўна-маральнага выхавання падлеткаў праз прызму сямейных каштоўнасцяў, павагі да традыцый сваёй краіны.

Удзел у сустрэчы ўзяла намеснік старшыні Фрунзенскай раённай арганізацыі горада Мінска Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Анастасія Каленчык.

Як адзначыў ксёндз Францішак, «гісторыя сям’і — гэта ключ да разумення гісторыі краіны.

Вывучэнне гісторыі і культуры свайго народа дапамагае чалавеку лепш зразумець сваю ролю ў грамадстве і адказнасць за будучыню дзяржавы»,  — падкрэсліў святар.

Паводле словаў ксяндза каноніка, правядзенне такіх сустрэч спрыяе ўмацаванню сувязі паміж пакаленнямі. «Добрым прыкладам такога ўзаемадзеяння па патрыятычнаму і духоўна-маральнаму выхаванню моладзі можна лічыць праект „Дыялог культур і рэлігій“, які рэалізуецца сумесна гістарычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага універсітэта і вядучымі канфесіямі Рэспублікі Беларусь», — заўважыў ксёндз Францішак Рудзь.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.