18 кастрычніка, у свята святога Лукі, евангеліста, які, паводле касцёльнай традыцыі, быў лекарам і з’яўляецца нябесным апекуном медыкаў, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася супольная малітва працаўнікоў службы аховы здароўя.
З гэтай нагоды ўвечары ў галоўнай каталіцкай святыні сталіцы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Пасля Эўхарыстыі адбылася першая сустрэча адмысловага душпастырства медыкаў. Удзельнікі сустрэчы пазнаёміліся паміж сабою і з новапрызначаным душпастырам працаўнікоў службы аховы здароўя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Андрэем Лысым SChr. Сабраныя таксама абмеркавалі прапановы па дзейнасці душпастрыства і планы на будучыню.
Такім чынам распачаўся фармацыйны год у адмысловым душпастырстве, якое будзе збіраць працаўнікоў службы аховы здароўя на рэгулярныя сустрэчы ў мінскай катэдры кожны трэці аўторак месяца ў 18.30.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў дзейнасць новага душпастырства.
Наступная запланаваная сустрэча адбудзецца 21 лістапада. Акрамя таго, усе зацікаўленыя могуць далучыцца да групы душпастырства ў Тэлеграм, каб атрымліваць падрабязную інфармацыю і абменьвацца думкамі.