14 кастрычніка ў мінскай парафіі святога Яна Хрысціцеля, дзе нясуць служэнне ксяндзы і сёстры з салезяінскай супольнасці, адзначылі 25-годдзе з часу першых манаскіх абяцанняў сястры Ірыны Барцэвіч FMA і сястры Люцыі Бальцэвіч FMA.
Як паведамляецца на сайце Салезіянскага таварыства ў Беларусі sdb.by, прысутныя дзякавалі Богу за юбілей манскага жыцця дзвюх сясцёр, за іх вернасць і адданасць у апостальскай працы на карысць Касцёла і моладзі. «Дзякуй Табе, Пане, за тое, што Ты мяне выбраў!» — гэтыя словы яскрава перадаюць настрой і сэнс святочнай Эўхарыстыі ў сталічнай парафіі.
Для ўсіх прысутных на ёй гэта была таксама нагода, каб задумацца над сваімі абяцаннямі, дадзенымі Богу падчас розных сакрамэнтаў, і яшчэ раз аднавіць гатоўнасць выканання гэтых абяцанняў з верай і любоўю.
Цэлебрацыю святочнай Эўхарыстыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У прамоўленай гаміліі іерарх зазначыў, што важна не баяцца адказаць на Божы заклік выплыць на глыбіню, як зрабілі гэта сёстры-юбіляркі. Біскуп падкрэсліў, што вельмі важна давяраць Богу:
«Сёння таксама Бог кліча, але моладзь баіцца зрабіць першы крок, як гэта зрабілі дзве маладыя дзяўчыны Люцыя і Ірына шмат гадоў таму. І сёння мы дзякуем за іх пакліканне і маем радасць з таго, што яны шчаслівыя сёстры салезіянкі», — дадаў біскуп Юрый Касабуцкі.
Важным момантам Імшы стаў акт аднаўлення манаскіх абяцанняў, падчас якога былі прамоўлены наступныя словы: «Божа, Ойча, Ты асвяціў мяне праз хрост і цяпер моцай Твайго Духа клічаш мяне бліжэй ісці за Езусам Хрыстом, каб яшчэ глыбей удзельнічаць у Яго збаўчай місіі ў Касцёле…» Пасля сёстры з рук біскупа атрымалі запаленую свечку — знак святла Хрыста і знак вернага чування. Гэта суправаджалася словамі, натхнёнымі Святым Пісаннем: «Няхай твая лямпа гарыць заўсёды, на чыстым падсвечніку, ад вечара да раніцы, перад Панам, у вечнай падзяцы» (пар. Лев 24, 3–4).