Беатыфікацыя былога дапаможнага біскупа Магілёўскай дыяцэзіі Тэафілюса Матулёніса пройдзе 25 чэрвеня 2017 года ў Вільнюсе. Пра гэта інфармуе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Пастырскае служэнне біскупа Матулёніса цесна звязана з Беларуссю. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння, у перыяд паміж 1900-1907 гг. ён працаваў у Варклянах (Віцебшчына) і ў Быхаве (Магілёўшчына).
Будучы благаслаўлёны валодаў некалькімі мовамі, у тым ліку беларускай, за што яго асабліва цанілі падчас служэння ў Пецяргургу. Пра гэта ў каментарыі Ватыканскаму радыё адзначае кс. Міндаўгас Сабоніс, пастулятар беатыфікацыйнага працэсу біскупа Матулёніса.
«Яго біёграф распавядае, што біскуп меў частыя кантакты з беларусамі, таму што ў яго парафіі было шмат людзей з Беларусі, якія размаўлялі па-беларуску. Ён сам навучыўся размаўляць па-беларуску, слухаў споведзь па-беларуску. Магчыма, па гэтай прычыне дыяцэзіяльны біскуп, які жыў у Пецярбургу, не хацеў, каб той вярнуўся ў Літву. Ён размаўляў па-літоўску, па-нямецку, па-руску і па-беларуску. Быў “універсальным” святаром і яго цанілі ў Пецяргбургу за тое, што ён размаўляў на розных мовах», — сказаў пастулятар.
Літоўскі епіскапат вырашыў падкрэсліць міжнацыянальны характар служэння біскупа Матулёніса і запросіць на беатыфікацыю гасцей з усіх краін, у якіх яго лічаць «сваім». Так, паводле слоў ксяндза Сабоніса, на ўрачыстасць будуць запрошаны госці з Беларусі, Расіі і Латвіі.
Чытайце таксама:
Цырымонію беатыфікацыі ўзначаліць прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата. Гэта будзе першая ў гісторыі беатыфікацыя, якая пройдзе на тэрыторыі Літвы.
Біяграфія біскупа Матулёніса
Біскуп Тэафілюс Матулёніс нарадзіўся ў 1873 г. на тэрыторыі Укмергскага ўезда Літвы. Вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Значны перыяд свайго жыцця здзяйсняў душпастырскае служэнне ў горадзе на Няве.
У 1923 г. святар быў упершыню арыштаваны і асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў Пецярбургу.
У 1928 г. быў таемна прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак хутка быў паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Салавецкім лагеры асобага прызначэння, дзе вызначаўся асаблівай мужнасцю і нязломнасцю.
У 1933 г. яго вызвалілі і выслалі ў Літву ў межах абмену палітычнымі зняволенымі. У 1943 г. ён быў прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве, але пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., быў арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, якія адбываў у сібірскіх лагерах і Уладзіміры.
Вызвалены ў 1954 г., вярнуўся ў Літву, жыў у ізаляцыі ў Шэдуве. У лютым 1962 г. Ян ХХІІІ надаў яму годнасць арцыбіскупа, а праз некалькі месяцаў, 20 жніўня іерарх памёр. Беатыфікацыйны працэс арцыбіскупа Матулёніса працягваўся з 1990 г.